2015-04-04 10:40:00

Хрысціяне Святой Зямлі: жадаем быць мастом паміж народамі


Па традыцыі ў Вялікую пятніцу ва ўсіх парафіях свету збіраліся ахвяраванні для Касцёла ў Святой Зямлі. Яны будуць выкарыстаны для рэстаўрацыі і ўтрымання святых месцаў на радзіме Езуса, а таксама на карысць мясцовай хрысціянскай супольнасці.

Частка ўсіх сабраных грошай пойдзе на падтрыманне хрысціянскай прысутнасці ў Святой Зямлі, што з’яўляецца неабходным ў сувязі з вялікай міграцыяй, звязанай з нестабільнасцю і часта небяспекай для жыцця многіх вызнаўцаў Хрыста на Блізкім Усходзе. Дзякуючы ахвяраванням будуць створаны новыя працоўныя месцы, а таксама адрэстаўраваны хрысціянскія школы і медыцынскія ўстановы, якімі карыстаюцца і вызнаўцы іншых рэлігій, распавёў Ватыканскаму радыё вікарый Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма кс. Давід Нойхаўз.

“Магчыма трэба нагадаць, што гэты збор ахвяраванняў прызначаны не толькі для хрысціян, але для Касцёла, а Касцёл служыць усім у Святой Зямлі. Калі мы думаем пра структуры – трэба ведаць, што большая частка хворых, якія карыстаюцца нашымі шпіталямі і дзяцей, якія наведваюць нашы школы – гэта не хрысціяне, а таксама мусульмане і яўрэі. Такім чынам Касцёл служыць усім. Гэты збор ахвяраванняў для Святой Зямлі з’яўляецца паўсюдным пакліканнем”, - сказаў езуіт.

Святар распавёў, што вялікім стымулам для мясцовай хрысціянскай супольнасці стаў візіт папы Францішка ў Святую Зямлю, які адбыўся напрыканцыя мая 2014 г. “Ён унёс яснасць адносна нашага паклікання, якое заключаецца ў тым, каб быць мастом паміж народамі”, - падкрэсліў вікарый Лацінскага Патрыярхату Іерусаліма.








All the contents on this site are copyrighted ©.