2015-04-04 09:27:00

Папа: хрысціяне гінуць пры нашым саўдзельным маўчанні


Крыжовы шлях Езуса Хрыста – гэта абагульненне ўсяго Яго жыцця, ікона Яго паслухмянасці волі Айца і рэалізацыя Яго бясконцай любові да грэшнікаў. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да вернікаў падчас набажэнства Крыжовага шляху, які адбыўся вечарам 3 красавіка 2015 г. у рымскім Калізеі.

Святы Айцец назіраў за працэсіяй, якая несла крыж, з падножжа Палацінскага пагорку. Падчас першай і апошняй стацыі сімвал Адкуплення трымаў у руках кардынал Агасціна Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі. Затым італьянская сям’я з шасцю дзецьмі. Пасля гэтага яшчэ некалькі сем’яў. Падчас пятай стацыі крыж несла хворая жанчына ў суправаджэнні сваёй сястры і валанцёра адной з каталіцкіх дабрачынных арганізацый. Затым – дзве законніцы з Іраку, свецкія вернікі з Сірыі, Нігерыі, Егіпту, Кітая. Падчас адзінаццатай стацыі – законніцы з Лацінскай Амерыкі, затым прадстаўнікі францішканскай Кустодыі Святой Зямлі.

Пасля таго, як прагучалі ўсе разважанні, падрыхтаваныя Біскупам Навары на пенсіі Рэната Корці, Папа звярнуўся са словамі малітвы да ўкрыжаванага Збаўцы. “У Цябе, прададзеным, здраджаным і ўкрыжаваным Тваім народам, мы бачым нашы штодзённыя здрады і нашу прывычную нявернасць. У Тваёй нявіннасці, нявіннае Ягня, мы бачым нашу грахоўнасць. У Тваім збітым, апляваным, абязвечаным абліччы мы бачым лютасць нашых грахоў. У Тваёй страшэннай муцы мы бачым бязлітаснасць нашых сэрцаў і нашых учынкаў. У Тваім адчуванні пакінутасці мы бачым усіх пакінутых блізкімі, грамадствам, пазбаўленых увагі і салідарнасці. У Тваім ахвяраваным, разадраным целе мы бачым целы нашых братоў, пакінутых уздоўж дарог, абязвечаных нашым занядбаннем і абыякавасцю. У Тваёй празе, Пане, мы бачым прагу Твайго міласэрнага Айца, які ў Цябе захацеў абняць, прабачыць і збавіць усё чалавецтва”, - сказаў Пантыфік.

Асаблівае месца ў малітве Францішка занялі хрысціяне, якія працягваюць цярпець пераслед за імя Езуса ў многіх краінах свету. “У Цябе, Божая Любоў, бачым яшчэ сёння братоў, якіх перад нашымі вачыма і часта пры нашым саўдзельным маўчанні пераследуюць, абезгалоўліваюць, укрыжоўваюць за іх веру. Напоўні нашы сэрцы, Пане, пачуццямі веры, надзеі і любові, болю за нашы грахі і прывядзі нас да пакаяння з нашых вінаў, якія Цябе ўкрыжавалі. Дапамажы, каб наша навяртанне на словах перамянілася ў навяртанне ў жыцці і справах. Дапамажы захоўваць у нас жывы ўспамін аб Тваім знявечаным абліччы, каб ніколі не забыць пра жудасны кошт, які Ты заплаціў за наша збаўленне ”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля малітвы Францішак заклікаў вернікаў вяртацца дамоў з надзеяй на хвалебнае ўваскрасенне Хрыста. Набажэнства Крыжовага шляху працягвалася каля двух гадзін.








All the contents on this site are copyrighted ©.