2015-04-03 14:22:00

Святы Пасад: спыніць насілле ў Заходняй Афрыцы


3 красавіка 2015 г. Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры арганізацыях ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвана Тамазі выступіў на 23-й спецыяльнай сесіі Рады па правах чалавека з заявай адносна сітуацыі ў Заходняй Афрыцы. Насілле, пераследы і забойствы з боку групоўкі “Бока Харам” у Нігерыі, Камеруне, Беніне, Чадзе і Нігеры з'яўляюцца сур'ёзнымі парушэннямі міжнароднага права, якія патрабуюць тэрміновага і эфектыўнага адказу з боку гэтых краін і ўсёй міжнароднай супольнасці. Бязлітаснасць гэтай тэрарыстычнай арганізацыі сведчыць пра пашырэнне радыкальнага экстрэмізму, які апраўдвае злачынствы ў імя рэлігіі. Нядаўняя заява “Бока Харам” аб падтрымцы “Ісламскай дзяржавы” кажа пра тое, што экстрэмісцкія групоўкі разрастаюцца як ракавая пухліна, пашыраючыся ў іншыя рэгіёны свету і прыцягваючы ў свае шэрагі баевікоў з замежжа, папярэдзіў прадстаўнік Святога Пасада.

У прыватнасці, у Нігерыі на глебе этнічных, сацыяльных і рэлігійных адрозненняў з'яўляюцца ўсё новыя формы экстрэмізму і фундаменталізму. Па словах арцыбіскупа Тамазі, нігерыйцаў забіваюць, раняць, калечаць, выкрадаюць і пазбаўляюць усяго: сям'і, зямлі, сродкаў існавання і чалавечай годнасці. Трагедыя, з якой сутыкнулася Нігерыя ў выніку дзейнасці экстрэмістаў – гэта “бізун, які павінен быць знішчаны, бо наносіць удар усім: ад асобных сем'яў да міжнароднай супольнасці”, дадаў ватыканскі іерарх.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы перакананы, што надышоў час калі міжнародная супольнасць павінна дапамагчы ў спыненні насілля ў Заходняй Афрыцы. Перад такімі парушэннямі правоў чалавека і нормаў міжнароднага права нельга дазволіць сабе заняць пазіцыю абыякавасці, заўважыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.