2015-04-03 12:27:00

Святы Айцец падтрымаў калумбійцаў у імкненні да міру


Перад Вялікаднем папа Францішак скіраваў пасланне народу і каталіцкай супольнасці Калумбіі ў якім заклікаў працягваць будаванне міру ў краіне і змагацца з усімі формамі несправядлівасці, няроўнасці, карупцыі, маргіналізацыі і іншага зла, якое перашкаджае нармальнаму грамадскаму жыццю. Святы Айцец прызнаўся, што ведае пра праблемы калумбійскага грамадства і ўсведамляе важнасць актуальнага перыяду, які характарызуецца спробамі вярнуцца да міру.

З 1964 г. у Калумбіі працягваецца ўзброеннае супрацьстаянне паміж урадам і леварадыкальнымі паўстанцамі. У выніку канфлікту загінулі каля 220 тыс. чалавек. На працягу апошніх двух гадоў паміж яго ўдзельнікамі назіраецца спроба ўсталяваць перамір’е, якое суправаджаецца мірнымі перамовамі, што праходзяць на Кубе.

Будаванне міру – гэта складаны і доўгатэрміновы працэс, нагадаў Папа. Каб умацоўваць яго, неабходна рызыкаваць і пачынаць з клопату пра ахвяр. “Будаванне доўтрывалага і стабільнага міру азначае таксама працу на карысць здаровых адносін у сем’ях, параненых хвалюючымі выпадкамі насілля, каб перамененыя моцай Евангелля, былі зернем і школай культуры міру і згоды”, - напісаў Святы Айцец. Ён заклікаў калумбійцаў не губляць надзеі перад абліччам цяжкасцяў, працягваючы працаваць на карысць праўды, справядлівасці і аднаўлення, “каб тое, што адбылося, больш не паўтаралася”.

Францішак адзначыў важнасць трансфармацыі ўсяго Касцёла – парафій і каталіцкіх структур – у “палявыя шпіталі”: бяспечныя месцы, у якіх можна будзе прымаць тых, хто сутыкнуўся з варожасцю і насіллем. 








All the contents on this site are copyrighted ©.