2015-04-02 11:21:00

Кардынал Паралін: паставіць фінансы на службу годнасці


Святы Пасад заахвочвае паставіць “фінансавую дзейнасць на службу грамадству”, асуджае “вайну і нацыяналістычны эгаізм, у тым ліку і ў яго фінансавых праявах”, нагадвае пра “этычную адказнасць буйных палітычных і эканамічных актораў” і заклікае да свабоднага і эфектыўнага ўдзелу бедных пластоў насельніцтва ў дасягненні годнага ўзроўня жыцця. Аб гэтым сказаў кардынал Пьетра Паралін падчас прэзентацыі чарговага нумара італьянскага часопіса “Limes”, прысвечанага тэме “Валюта і імперыя”, якая адбылася ў Рыме. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічаў старшыня Сената Італіі Пьетра Граса. 

Кардынал Дзяржсакратар падзяліўся думкамі адносна асноўных накірункаў ватыканскай “геапалітыкі” і сацыяльнай дзейнасці Касцёла. Ён падкрэсліў патрэбу ў “прадпрымальніцтве, заснаваным на прынцыпах салідарнасці”. Яго мадэллю могуць служыць кааператывы, створаныя напрыканцы XIX ст. “у адказ на першую хвалю капіталістычнай глабалізацыі”, якая прынесла шмат пакут еўрапейскім народам. Сёння, як і тады, існуе патрэба ў эканоміцы, “якую ствараюць людзі, што маюць у сэрцы і розуме агульнае дабро”. Буйны капітал, наадварот, імкнецца да таго, каб фінансаваць, у першую чаргу ўлады і прыбытковыя прадпрыемствы. Каталіцкі Касцёл не згодзен з такім становішчам, адзначыў кардынал Паралін.

Гаворачы на тэму дзейнасці Ватыканскага банка, пурпурат заўважыў, што “ён з'яўляецца дробнай банкаўскай установай, капітал якой эквівалентны 0,1 % банкаўскай сістэмы Італіі”. Гэта ўсё адно, што параўноўваць Швейцарскую гвардыю з узброенымі сіламі буйной дзяржавы. Інстытут рэлігійных спраў “не з'яўляецца банкам у поўным сэнсе гэтага слова, і тым больш цэнтральным банкам”, падкрэсліў ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.