2015-04-01 09:18:00

Мітрапаліт Кандрусевіч аб магчымасці візіту Папы


Падчас наведвання кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам Беларусі было выказана шмат галасоў на карысць візіту Пантыфіка, адзначыў падчас прэс-канферэнцыі 31 сакавіка 2015 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх нагадаў, што візіт высокага ватыканскага госця праходзіў па запрашэнні беларускіх уладаў, а ў яго рамках адбыліся сустрэчы на самым высокім узроўні – з Прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам, старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, міністрам замежных спраў. Паводле Мітрапаліта Кандрусевіча ўсе яны, праз кардынала Дзяржсакратара, перадалі запрашэнне папе Францішку наведаць Беларусь. “Раней ужо шмат вялося размоваў і гэта пытанне не аднойчы ўздымалася, але так шмат галасоў на карысць гэтага візіту выказана яшчэ не было”, - прыводзіць словы іерарха агенцтва “Белта”. Арцыбіскуп дадаў, што ў дадзеным выпадку павінны скласціся пэўныя ўмовы.

У прыватнасці, па яго словах, у Ватыкане існуе негалоснае правіла, згодна з якім для візіту Пантыфіка ў якую-небудзь краіну, дзе каталіцтва не з’яўляецца верай большасці, неабходна атрымаць запрашэнне ад вядучай канфесіі. У выпадку з Беларуссю – гэта праваслаўе. На ўдакладняючае пытанне аб тым, ці павінна гэта быць афіцыйнае запрашэнне, арцыбіскуп Кандрусевіч адказаў: “Важна, каб прынамсі ніхто не быў супраць”. Ён нагадаў, што падчас свайго візіту у Беларусь кардынал Дзяржсакратар сустракаўся з Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.