2015-03-31 15:18:00

Святы Пасад асудзіў выкарыстанне дзяцей у войнах


Выкарыстанне дзяцей ва ўзброеных канфліктах з’яўляецца выклікам на які міжнароднай супольнасць не можа не адказаць, адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Бернардзіта Ауса. Выступаючы на пасяджэнні Савета Бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па гэтай праблеме дыпламат заўважыў, што інструменты, якія могуць перашкодзіць выкарыстанню дзяцей у якасці салдат – існуюць, але адсутнічае палітычная воля і маральная адвага, каб іх задзейснічаць.

Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што 2014 г. пазначаны найгоршымі паказчыкамі за ўсю сучасную эпоху, адносна выкарыстання дзяцей у канфліктах. Толькі ў Сірыі і Іраку гэтаму злоўжыванню падвергнуліся каля 10 тыс. непаўналетніх. “Мы павінны зрабіць першы крок і адзінагалосна сцвердзіць, што рэкрутаванне і выкарыстанне дзяцей ва ўзброеных канфліктах з’яўляецца не толькі цяжкім парушэннем міжнароднага гуманітарнага права і правоў чалавека, але таксама агідным злым учынкам, які павінен быць асуджаны. Гэта павінны зрабіць не толькі ўрады, але ўсе грамадскія, палітычныя і рэлігійныя лідэры”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН нагадаў Савету Бяспекі аб яго галоўнай місіі – захоўваць мір і міжнародную стабільнасць. Гэта не дае права  адварочвацца ад канфліктаў у імя нацыянальных палітычных інтарэсаў ці геапалітычных рознагалоссяў з іншымі краінамі, таму што адказнасць за абарону грамадзян ляжыць не толькі на нацыянальных уладах, але, у некаторых выпадках, і на міжнароднай супольнасці. Арцыбіскуп Ауса нагадаў, што перад абліччам сітуацый прымусовага рэкрутавання, выкарыстання дзяцей-салдат і зверскіх злачынстваў супраць рэлігійных і этнічных меншасцяў, на якія нацыянальныя дзяржавы не ў стане адказаць самі, узнікае патрэба ва ўмяшанні міжнароднай супольнасці, аж да ужыцця вайсковых інструментаў дзеля абароны грамадзян ад бесчалавечных агрэсараў, калі ўсе іншыя спосабы не прыняслі выніку.

Выкарыстання сілы, аднак, недастаткова. У першую чаргу, на думку ватыканскага дыплатама, неабходна вырашэнне гуманітарных, грамадскіх, палітычных і эканамічных праблем, якія становяцца прычынамі канфліктаў, у якіх вымушаны ўдзельнічаць дзеці. У гэтым кантэксце важную ролю адыгрываюць рэлігійныя супольнасці, якія могуць дапамагчы рэінтэнграцыі дзяцей-салдат у жыццё грамадства, даючы ім магчымасць для адукацыі і прымірэння, а таксама “асуджаючы арганізацыі, якія спрабуюць апраўдаць выкарыстанне дзяцей для дасягнення ідэалагічных мэтаў, абумоўленых памылковым разуменнем веры і розуму”, сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.








All the contents on this site are copyrighted ©.