2015-03-30 11:02:00

Абрана месца правядзення галоўных падзей СДМ 2016


У Кракаве вызначыліся з месцам правядзення галоўных мерапрыемстваў Сусветных дзён моладзі ў 2016 г. “Campus Misericordiae” (Поле міласэрнасці) – так будзе афіцыйна называцца некалькі гектараў зямлі на мяжы Кракава і Вялічкі. Тут пройдзе суботняе начное чуванне моладзі са Святым Айцом (30 ліпеня) і заключная нядзельная св. Імша (31 ліпеня). “Мы шукалі назву для гэтага месца. Знайшлі. Нам дапамог у гэтым папа Францішак”, - прызнаўся кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракава 29 сакавіка 2015 г. падчас афіцыйнага абвяшчэння месца цэнтральных падзей сусветнага моладзевага форуму.

Арганізатары паведамілі, што рашэнне аб выбары поля на мяжы Кракава і Вялічкі ў якасці месца суботняй і нядзельнай сустрэч з Папам было падыктавана добрым размяшчэннем і камунікацыйнымі магчымасцямі, што не будзе патрабаваць вялікіх выдаткаў для прыняцця тут 2 мільёнаў чалавек.

“Campus Misericordiae” у пяць разоў большае за Кракаўскія лугі, дзе папярэдне адбываліся сустрэчы падчас прыезду Пантыфікаў. “Мы не лічым сродкаў, бо ведаем, што трэба інвеставаць у маладое пакаленне і стварыць умовы для маладых людзей, каб яны маглі тут разам з папам Францішкам у ліпені 2016 г. прымаць найбольш важныя рашэнні свайго жыцця”, - сказаў кс. Гжэгаж Сухадольскі, генеральны сакратар арганізацыйнага камітэту Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.

У сваю чаргу св. Імша на адкрыццё форуму, цырымонія прывітання Святога Айца і Крыжовы шлях адбудуцца на Кракаўскіх лугах.

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве адбудуцца 26-31 ліпеня 2016 г. пад дэвізам: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8). Ім будуць папярэднічаць Дні ў дыяцэзіях, якія пройдуць 20-25 ліпеня па ўсёй Польшчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.