2015-03-29 12:22:00

Пантыфік у Пальмовую нядзелю: выбіраць шлях пакоры


Выбіраць шлях пакоры, а не поспеху заклікаў папа Францішак падчас урачыстасці Пальмовай нядзелі 29 сакавіка 2015 г. у Ватыкане. Святы Айцец адзначыў, што шлях пакоры, гэта служэнне іншым і, у першую чаргу, тым, хто церпіць пераслед толькі таму, што з’яўляецца хрысціянінам. А шлях поспеху – гэта мірскі падыход, які базуецца на ганарыстасці і славалюбстве. На працягу 30 гадоў Пальмовая нядзеля ў Касцёле адзначаецца на дыяцэзіяльным узроўні як Сусветны дзень моладзі. Яго дэвіз, гэта словы Хрыста: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8).

У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на словы гімна з Паслання св. Паўла да Філіпянаў: “прынізіў сябе”, і падкрэсліў, што яны “адкрываюць нам стыль Бога і хрысціяніна – пакору”. Францішак адзначыў, што “Бог прыніжае сябе, каб крочыць са сваім народам, каб зносіць яго здрады”. Ён спаслаўся на фрагмент з Кнігі Выхаду, дзе яўрэі наракалі на Бога, Які вывеў іх з рабства і прывёў праз пустыню ў зямлю свабоды. 

“На гэтым тыдні, Вялікім Тыдні, які вядзе нас да Вялікадня, мы будзем ісці па гэтым шляху прыніжэння Езуса. Толькі ў гэтым выпадку ён будзе “святым” таксама і для нас”, - звярнуў увагу Францішак і дадаў: “Мы пачуем аб пагардзе правадыроў Яго народа і іх махлярствах, каб выклікаць Яго падзенне”.

Папа нагадаў аб здрадзе, захопе, судзе, крыжовым шляху і смерці Езуса Хрыста. “Гэта шлях Бога – шлях пакоры. Гэта шлях Езуса, і іншага няма. І няма пакоры без прыніжэння. Ідучы глыбінёй гэтага шляху, Сын Божы прыняў “постаць слугі”. Сапраўды, пакора азначае служэнне, азначае пакіданне месца для Бога, адрачэнне ад сябе, “прыніжэнне”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец звярнуў увагу на іншы шлях, якім можа пайсці чалавек, супярэчны са шляхам Хрыста. Ім з’яўляецца “мірскі падыход”. “Мірскі падыход прапануе нам шлях славалюбства, ганарыстасці, поспеху... Гэта іншы шлях”, - сказаў Папа, і нагадаў пра спакушэнне Хрыста ў пустыні. “Але Езус адмовіўся ад яго без ваганняў”, - дадаў ён.

Папа адзначыў, што з Езусам “таксама і мы можам пераадолець гэту спакусу, не толькі ў асаблівых выпадках, але і ў звычайных умовах жыцця”. Ён спаслаўся на прыклад многіх людзей, якія “у цішыні, схавана кожны дзень адмаўляюцца ад сябе, каб служыць іншым: хвораму роднаму, самотнаму пажылому чалавеку або інваліду”.

Францішак нагадаў пра прыніжэнне тых, хто “дзякуючы сваёй паставе вернасці Евангеллю падвяргаецца дыскрымінацыі і асабіста плаціць за гэта”, хто “падвяргаецца пераследу таму, што ён хрысціянін”. Папа назваў гэтых асоб “сучаснымі мучанікамі”, якія не адмаўляюцца ад Езуса і з годнасцю зносяць абразы і здзекі”. Пантыфік заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра ісці за імі па шляху Хрыста, “з вялікай любоўю да Яго”. “Гэта любоў павядзе нас і дасць нам сілы. І дзе Ён, там таксама і мы будзем”, - заключыў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.