2015-03-24 16:32:00

Францішак Скарына (ІІІ)


У дзвюх папярэдніх перадачах мы гаварылі пра нашага славутага земляка – доктара Францішка Скарыну, пра яго жыццёвы шлях і выдавецкую дзейнасць. Сёння засяродзімся на яго творах – на прадмовах і “сказаннях” да асобных кніг Бібліі. Нагадаю, што сваю першую друкаваную кнігу – Псалтыр – Францішак Скарына выдаў у 1517 годзе ў Празе. У 1519 годзе ён выдаў асобнымі выданнямі яшчэ 23 кнігі Старога Запавету. У гэтых выданнях мы знаходзім 21 прадмову і 4 “сказанні”, якія папярэднічалі асобным кнігам, а перад кнігай “Быццё” знаходзіцца прадмова да ўсёй Бібліі. У кнізе “Апостал”, якую Скарына надрукаваў у Вільні ў 1525 годзе, змешчаныя яшчэ 2 прадмовы і 21 “сказанне”. Акрамя таго, кожная з пражскіх кніг утрымлівае кароткае пасляслоўе.

Паміж даследчыкамі няма адзінай думкі, у чым розніца паміж жанрамі прадмовы і “сказання”. Большасць адносіць “сказанні” і прадмовы да адной жанравай разнавіднасці, некаторыя ж лічаць, што “сказанні” бліжэй па жанры да казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца красамоўствам, насычаныя багаслоўскай рыторыкай.

У кожнай з прадмоваў Скарына тлумачыць сэнс назвы кнігі, дае звесткі пра аўтара альбо галоўнага героя кнігі, гісторыю яе стварэння альбо перакладу, раскрывае асноўны змест кнігі, і  распавядае пра асветніцка-выхаваўчае яе значэнне.

У прадмовах, у першую чаргу, наш першадрукар стараецца адкрыць сваім чытачам Біблію як Слова Божае, найважнейшую кнігу ў свеце, крыніцу Праўды, шлях да пазнання Божай волі. У прадмове да ўсёй Бібліі Францішак Скарына піша: “Біблія — дзівосная рака! Яна бывае мелкай, і нават авечка можа перайсці! Але адначасна і глыбокай, калі і слон змушаны плысці цераз яе! У гэтай кнізе — пачатак і канец усёй існуючай мудрасці, бо толькі праз яе можна спасцігнуць Бога Уседзяржыцеля! У гэтай кнізе — усе законы і правы, якімі карыстаюцца людзі ў зямным жыцці! У гэтай кнізе — усе лякарствы душэўныя і цялесныя разам знойдзеце! Тут — навучанне філасофіі дабранраўнае: як Бога любіць для самога сябе і для бліжняга свайго!” Хрысціянін шукае ў Бібліі перадусім збаўлення. “Над усім тым мы, хрысціяне, патрабуем рэч вечную – збаўленне душы. Таму мы чытаем для настаўлення Святое Евангелле і імкнёмся ў справах трымацца прыкладу Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста. 3 Яго дапамогай шукаем шляхі ў вечнае жыццё і Валадарства Нябеснае, падрыхтаванае для абраннікаў Божых” – піша асветнік.

Разам з ушанаваннем Бога, мэтай друкарскай дзейнасці Скарыны з’яўлялася карысць людзям. “Я, Францішак, Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, загадаў «Псалтыр» ціснуці рускімі словамі славянскае мовы. Найперш - для ўшанавання і хвалы Бога ў Тройцы адзінага і Усячыстай Маці яго Марыі, і ўсіх нябесных чыноў, і святых Божых. А таксама — для карысці паспалітага люду. I асабліва з тае прычыны, што мяне літасцівы Бог з гэтае мовы на свет пусціў...” – піша асветнік у прадмове да сваёй першай кнігі.

Святое Пісанне для Францішка Скарыны – гэта падручнік сямі свабодных мастацтваў: граматыкі, логікі, рыторыкі, музыкі, арыфметыкі, геаметрыі, астраноміі. Можна па ім вывучаць і іншыя навукі: ваенную, гісторыю і летапісанне, навуку добрых нораваў. Усяму гэтаму вучаць чытача асобныя кнігі Старога і Новага Запавету. Святое Пісанне для Скарыны таксама падручнік любові да Радзімы, пра што найбольш яскрава піша першадрукар у прадмове да кнігі Юдыт.

Сярод выдадзеных Скарынам кніг Старога Запавету тры носяць імёны жанчын: Рут, Эсфір, Юдыт. Да кожнай Скарына напісаў прадмову. Аднак пра Рут, якая ўвасабляе вернасць роду свайго мужа (пасля смерці мужа яна засталася са сваёй свякроўю, і выходзіць замуж па яе прапанове), Скарына не гаворыць нічога пахвальнага. Пра Эсфір, якая спадабалася заваёўніку, персідскаму цару Артаксарксу, стала яго жонкай і выратавала свой народ ад знішчэння, Скарына гаворыць стрымана. Самым прывабным вобразам стала для яго Юдыт. Гэтая маладая ўдава з Ветуліі падчас асады горада войскамі Навухаданосара ідзе ў іх стан, забівае галоўнакамандуючага Алаферна, і тым самым ратуе свой горад, усю Юдэю і Ерусалімскі храм.

Словы з прадмовы да кнігі Юдыт знаёмыя нам са школьных гадоў. Вось як яны гучаць у перакладзе Алеся Разанава на сучасную беларускую мову:

Як звяры,

што блукаюць у пушчы,

ад нараджэння

ведаюць сховы свае,

як птушкі,

што лётаюць у паветры,

помняць

гнёзды свае,

як рыбы,

што плаваюць у моры і ў рэках,

чуюць

віры свае

і як пчолы

бароняць вуллі свае -

гэтак і людзі

да месца, дзе нарадзіліся

і ўзгадаваны ў Бозе,

вялікую ласку маюць.

 Скарына ўслаўляе патрыятызм як прыроджаную якасць натуры ўсіх жывых істот. Любоў да Радзімы, на думку Скарыны, – натуральнае моцнае пачуццё кожнага добрага чалавека. Прыхільнасць да Бацькаўшчыны, да месца нараджэння, да роднага кутка ўласціва ўсяму жывому. Як палымяны патрыёт Скарына заклікае, каб не толькі жанчыны, але і мужчыны наследвалі патрыятычнаму прыкладу біблейскай гераіні і не шкадавалі жыцця для сваёй айчыны. Гаворку пра творчасць Францішка Скарыны мы працягнем у наступнай перадачы. А на гэтым я з вамі развітваюся. Вывучайце Слова Божае, любіце Радзіму!

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.