2015-03-24 16:34:00

Францішак Скарына (IV)


У мінулых праграмах мы гаварылі пра жыццё і творчасць вялікага беларускага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны. Сёння пазнаёмімся з чарговым жанрам яго творчасці – малітвамі. Нагадаю, што у 1522 годзе ў Вільні Францішак Скарына выдаў “Малую падарожную кніжку” – першы ў Беларусі друкаваны малітоўнік для свецкіх людзей. Тры з пяці частак гэтай кнігі традыцыйныя: Псалтыр, Часаслоў (дзённыя службы візантыйскага абраду) і Шасцідневец (выбраныя зменныя часткі да гэтых службаў на кожны дзень тыдня). Апошняя частка кнігі – гэта пасхалія і царкоўны каляндар.

Уласныя творы Скарыны знаходзяцца ў чацвёртай частцы кнігі, якая называецца “Пачынаюцца акафісты на ўсе дні тыдня”. У ёй - восем акафістаў і злучаных з імі канонаў: Магіле Гасподняй у нядзелю, Анёлам у панядзелак, Яну Хрысціцелю ў аўторак, Багародзіцы ў серду, апосталам і святому Мікалаю ў чацвер, Крыжу Гасподняму ў пятніцу, Імю Ісусаву ў суботу і ва ўсе дні тыдня. За выключэннем акафіста Багародзіцы ўсе яны друкаваліся ўпершыню, таму “Малую падарожную кніжку” можна назваць першым друкаваным акафістнікам.

Слова “акафіст” паходзіць ад грэцкага словазлучэння “акатістос імнос” – несядальны гімн. Гэта царкоўны гімн візантыйскай традыцыі, які складаецца звычайна з 24 альбо болей строф, звязаных акравершам. Акравершам мог быць грэцкі алфавіт (як гэта ёсць у адзіным вядомым у Грэцыі акафісце – да Багародзіцы), нейкая пабожная фраза, альбо імя аўтара.

Акафісты славянскага паходжання звычайна не маюць акравершаў. Выключэннем з’яўляюцца тры акафісты ў “Малой падарожнай кніжцы”. Два з іх, у гонар Яна Хрысціцеля і Імя Ісусавага, маюць акравершы: ПИСАЛ ДОКТОР СКОРИНИЧ ФРАНЦИСКУС і ДЕЛАЛ ДОКТОР СКОРИНІИЧ ФРАНЦИСКУС. Не цяжка здагадацца, хто быў аўтарам гэтых твораў. Цікава, што ў абодвух выпадках акраверш ахоплівае таксама ўводныя вершы, якія не з’яўляюцца часткай акафіста.

Акафіст Імю Ісусаву можна падзяліць умоўна на дзве часткі. У першай Скарына засяроджваецца на аздараўленнях, якія зрабіў Госпад. Магчыма, на такі выбар цудаў паўплывала тое, што сам аўтар акафіста быў лекарам. У другой частцы акафіста апяваюцца здарэнні, у якіх Боскасць Ісуса і  Яго міласэрнасць праявіліся асабліва яскрава: хаджэнне па вадзе, адказ Піліпу на ягоную просьбу паказаць Айца, вызнанне Тамаша і г.д. Шанаванне Імя Ісусава мае глыбокія карані на хрысціянскім усходзе, аднак пашыраная і на хрысціянскім захадзе. Там яе асаблівымі пашыральнікамі былі францішкане бернардыны, якія ў канцы 15 стагоддзя мелі свой манастыр у Полацку. Адзін з даследчыкаў творчасці Францішка Скарыны, айцец Аляксандр Надсан, ставіць цікавае пытанне: пад якім уплывам беларускі першадрукар, хроснае імя якога было Францішак, напісаў акафіст Імю Ісусаву.

У "Малой падарожнай кніжцы" мы знаходзім пятнаццаць малітваў пасля акафістаў і канонаў. Арыгінальныя тэксты трох з іх належаць святому Кірыле Тураўскаму. Гэта "Малітва ў Тройцы адзінаму Богу", "Малітва да святых Анёлаў" і "Малітва да святых Апосталаў". Аднак ў гэтых малітвах мы бачым творчую перапрацоўку, якую здзейсніў наш першадрукар. Так, напрыклад, апостала Марка ён называе “пахвалой Вянецыі”, а пра апостала Якуба піша, што ён “сваім целам слаўна прасвятляе Гішпанію і ўсе заходнія краіны”. Скарына, які атрымаў ступень доктара лекарскіх навук у Падуі, што знаходзіцца паблізу Венецыі, ведаў, што апекуном гэтага горада быў святы Евангеліст Марк. Першадрукар быў таксама знаёмы з заходняй традыцыяй, паводле якой цела святога Апостала Якуба спачывае ў манастыры Санцьяго дэ Кампастэлла ў Гішпаніі, вядомым месцы паломніцтваў у тыя часы. Магчыма Скарына сам хадзіў на пакланенне мошчам апостала.

Дзве малітвы трэба лічыць арыгінальнымі творамі Скарыны. Гэта "Малітва Імю Ісусаваму" і цудоўная "Малітва пабожная да Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі", першая частка якой з’яўляецца паэмай, а другая напісаная рытмічнай прозай.

Вельмі цікавы твор – акафіст святым апосталам Пятру і Паўлу. Апостала Пятра Скарына апявае словамі “Радуйся, Рыму слаўнага галава, што пакінуў там па сабе пастыра статку Хрыстовага”, а апостала Паўла - “Радуйся, што ва ўсяхвальным Рыме разам з намеснікам Ісусавым прыняў мучэнне”.

Сёння не сціхаюць спрэчкі, кім па веравызнанні быў Скарына: праваслаўным, каталіком ці пратэстантам. Як сцвярджае а. Аляксандр Надсан, акафісты і малітвы "Малой падарожнай кніжкі" тлумачаць рэлігійныя перакананні Скарыны. “Чалавек, які адзначаўся глыбокай набожнасьцю да імя Ісусавага і напісаў цудоўную малітву ў гонар Багародзіцы, ня мог быць пратэстантам. З усяго відаць, што Скарыну былі знаёмыя і аднолькава блізкія як усходняя так і заходняя царкоўныя традыцыі,” – піша даследчык. Ён робіць выснову, што Скарына належаў да паслядоўнікаў ідэі ўніі паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Царквой, якая была падпісаная на Фларэнційскім саборы ў 1439 годзе. “Магчыма, Скарына быў хрысьціянінам "закону грэцкага", які прызнаваў зьверхніцтва Наступніка Сьвятога Пятра. Сёньня мы б назвалі яго уніятам...” – піша айцец Аляксандр Надсан.

На гэтым час нашай перадачы падышоў да завяршэння. Заставайцеся з Богам!

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.