2015-03-24 16:40:00

Сымон Будны


XVI стагоддзе на Беларусі надзвычай багатае на таленавітых пісьменнікаў. У мінулых перадачах мы гаварылі пра двух з іх – Францішка Скарыну і Міколу Гусоўскага. Вялікі ўнёсак у развіццё беларускай літаратуры, багаслоўя і вывучэння Святога Пісання зрабілі таксама іх сучаснікі, якія ў сваіх духовых пошуках сыходзілі на шляхі, супярэчныя каталіцкаму вучэнню і хрысціянскай Традыцыі. Гэта Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Іх творчасці мы прысвецім бліжэйшыя перадачы.

Першая дакументальная згадка пра Сымона Буднага – кароткі запіс у метрыцы Кракаўскага ўніверсітэта ад 19 кастрычніка 1544 года. З гэтага можна меркаваць, што ён нарадзіўся прыкладна ў 1530 або напрыканцы 1520-х гадоў. Адукацыю Сымон Будны атрымаў у Кракаўскім ўніверсітэце, магчыма вучыўся ён і ў Базэльскім пратэстанцкім універсітэце. У 1558 годзе ён распачынае дзейнасць у Віленскім пратэстанцкім зборы, дзе на старабеларускай мове выкладае асновы кальвінскай тэалогіі.

Каля 1560 года Сымон Будны пераехаў у Клецк, дзе выдаў на старабеларускай мове свае першыя творы. У 1562 годзе выйшаў з друку «Катэхізіс» Сымона Буднага, напісаны ў форме пытанняў і адказаў. Выданне мела чатыры асноўныя раздзелы: «Аб дзесяці запаведзях Божых», «Аб веры», «Пра малітву Гасподнюю», «Аб Святых Тайнах». Такі парадак раздзелаў паўтараў «Вялікі Катэхізіс» Марціна Лютэра,  выдадзены ў 1529 годзе, але гэта быў усё ж арыгінальны твор. Наступны твор Буднага - «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» - выйшаў праз 3 месяцы.

Прыкладна ў сярэдзіне 1563 года погляды Буднага радыкальна змяніліся. Незадаволены памяркоўнасцю кальвінізму, ён перайшоў на пазіцыі анцітрынітарызму і пачаў вызнаваць адзінага Бога, адмовіўшыся ад догмата Тройцы. Гэтыя змены знайшлі адлюстраванне ўжо ў польскамоўным выданні «Катэхізіса», які з’явіўся ў 1563-64 гадах у Нясвіжы.

Пасля гэтага выдання «Катэхізіса» і публічных анцітрынітарных выступленняў праваслаўныя і каталіцкія дзеячы абвінавацілі Сымона Буднага ў сувязях з пратэстанцкім рухам «старазаконнікаў», вучэнне якіх з'яўлялася мадыфікацыяй іудаізму. Каб апраўдацца, Будны бярэцца за пераклад на польскую мову твора раннехрысціянскага апалагета Юстына «Размовы Святога Юстына, філосафа і пакутніка, з Трыфанам Юдэем», які крытыкаваў юдэйскае вучэнне. 16 кастрычніка 1564 года «Размовы…» убачылі свет у Нясвіжскай друкарні. У «Прадмове» перакладчык выклаў уласнае разуменне сутнасці хрысціянскай навукі.

Пасля выдання ў 1563 годзе Мікалаем Радзівілам Чорным польскамоўнай Берасцейскай Бібліі, Будным авалодала ідэя зрабіць новы, больш дасканалы пераклад Пісання. Ён узяўся за працу над перакладам Бібліі і апокрыфаў, навукова асэнсоўваючы гэтыя творы. У канцы 1570 года, пасля 5-6 гадоў працы, Сымон Будны надрукаваў у Нясвіжскай друкарні Даніэля з Лэнчыцы пад адной вокладкай пераклад Новага Запавету і апокрыфаў. Кніга адразу стала з'явай духоўнага жыцця 70-х гадоў 16 стагоддзя.

Каля 1571 года Будны пераехаў у  Заслаўе . Тут асветнік пражыў каля двух гадоў. У чэрвені 1572  года ён скончыў працу над перакладам кніг Старога Запавету, якія разам з перапрацаваным Новым Запаветам і «Прадмоваю да Чытача» надрукаваныя Даніэлем з Лэнчыцы, верагодна, ва Уздзе, куды была перавезеная колішняя Нясвіжская друкарня.

Плённым для Сымона Буднага стаў перыяд з 1573 да 1583 года, калі ён жыў у мястэчку Лоск (недалёка ад Валожына). Тут Будны прыступіў да выпраўлення сапсаванага выдаўцамі перакладу Новага Запавету і прыкладна праз год надрукаваў яго ў Лоскай друкарні, напісаўшы грунтоўную «Прадмову да Чытача». Гэтая прадмова стала першай у літаратуры спробай навуковай крытыкі Евангелля.

У жніўні 1576 года Сымон Будны надрукаваў на польскай мове тэалагічны трактат «Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры», які цягам некалькіх наступных дзесяцігоддзяў заставаўся ў цэнтры рэфармацкай палемікі.

У 1570-я гады Будны выклаў свой погляд на дзяржаўна-палітычную і этычную дактрыну пратэстанцтва  ў творы «Абвяржэнне Чаховіца, які лічыць, што хрысціяніну нельга займаць дзяржаўную пасаду». У 1577 годзе асветнік бярэ ўдзел у перавыданні кнігі Анджэя Фрыча Маджэўскага «Аб выпраўленні дзяржавы», у якой прыводзіліся аргументы ў абарону ўрада і пацвярджалася права хрысціяніна займаць свецкія пасады. З боку апанентаў Буднага, так званых анархістаў, пасыпаліся рэзкія абвінавачанні, і ў 1582 годзе пратэстанцкага тэолага нават адлучылі ад збору. Аднак Будны працягваў змагацца. Ён напісаў публіцыстычныя трактаты на польскай мове «Вызнанне аб урадзе і ўрадоўцах» і «Абарона ўрада», якія склалі аснову кнігі «Аб свецкай уладзе». Яна выйшла ў студзені 1583 года.

У хуткім часе Сымон Будны пакідае Лоск і, падобна, накіроўваецца ў Іўе. Ёсць звесткі, што ў канцы 1580-ых гадоў ён удзельнічае ў дыспуце з полацкімі езуітамі і абвяргае дагмат аб несмяротнасці душы, а свае апошнія гады жыве пры дварах выпадковых мецэнатаў.

Да 1956 года дакладная дата смерці Буднага не была вядомая. Яе ўстанавіў польскі даследчык Станіслаў Кот. У каралеўскай бібліятэцы Капенгагена ён знайшоў выдадзены ў 1603 годзе ў Вільні Міхаілам Алясніцкім твор, накіраваны супраць антытрынітарыяў. Алясніцкі піша: “Смерць Сымона Буднага, правадыра і кіраўніка перахрышчэнцаў Літвы, якая наступіла 13 студзеня 1593 года ў Вішневе, была жудаснай і агіднай. Ужо за два гады да смерці ён зусім звар'яцеў, не хацеў нічога чуць і ведаць пра Бога і Хрыста. Нават за тры дні да смерці раздаваўся яго страшэнны крык, які напаўняў двор пана Льва Маклока і яго суседзяў. А калі цівун пан Віткоўскі пераконваў яго, каб у апошнія свае дні ён звярнуўся да Бога, ён злавіў яго руку і сказаў: „Клянуся, я не ведаю ніякага Бога і ніякага Хрыста”. Прыблізна тое ж самае пра смерць Буднага паведамляе яго сучаснік Марцін Лашч (Жаброўскі). Паведамленні гэтыя, аднак, належаць ідэйным праціўнікам Сымона Буднага, таму могуць аказацца непраўдзівымі.

На гэтым час нашай перадачы завяршаецца. Жадаю вам, дарагія слухачы, Божага блаславення ў новым годзе.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.