2015-03-23 15:38:00

Святы Кірыла Тураўскі (ІІІ)


У мінулых праграмах мы гаварылі пра першага беларускага пісьменніка – святога Кірылу Тураўскага, арыстакрата, які абраў шлях манаскага жыцця. Аскетычны подзвіг святы спалучыў з вывучэннем Святога Пісання і плённай пісьменніцкай дзейнасцю. Мы ўжо ўзгадвалі аскетычныя творы Кірылы Тураўскага і створаныя ім малітвы, а сёння звернемся да наступных жанраў: казанняў і канонаў.

З усіх твораў Кірылы найбольш вядомыя ягоныя казанні, альбо, як яны называліся ў старажытнасці, “словы”. Колькасць “Словаў”, якія бясспрэчна належаць Кірылу, невялікая, іх толькі восем. Усе словы адносяца да Велікоднага перыяду – ад Вербнай нядзелі да шостай нядзелі пасля Вялікадня. Напісаныя яны былі ў адным годзе. У слове на Нядзелю расслабленага (гэта трэцяя нядзеля пасля Вялікадня) Кірыла асуджае тых, хто грашыць пасля атрымання духоўнай годнасці. Некаторыя даследчыкі бачаць у гэтым намёк на справу Тодарца, што вызначала б дату напісання не пазней за 1169 год.

У “Словах” святога Кірылы шчасліва спалучаюцца пісьменніцкія здольнасці з шырокімі для таго часу багаслоўскімі ведамі. Кірыла быў, несумненна, найлепшым знаўцам Святога Пісання сярод ранніх усходнеславянскіх пісьменнікаў. Ён таксама ведаў творы айцоў Царквы, асабліва Яна Залатавуснага, уплыў якога адчуваецца ў перайманні характару творчасці.

Як прыклад красамоўнага мастацтва, “Словы” Кірылы былі незвычайным з’явішчам для свайго часу. Багацце вобразаў і разнастайнасць формаў ажыўлялі іх і трымалі зацікаўленых слухачоў у напружанні. Мова “Словаў” багатая на трапныя параўнанні і прыклады. Авеяныя духам любові да Бога, яны справядліва здабылі  аўтару славу другога Залатавуснага.

Вялікую частку жыцця Кірыла прысвяціў пастырскай дзейнасці як духоўны настаўнік у манастыры, а потым як біскуп на Тураўскім пасадзе. Ён меў высокае паняцце біскупскай годнасці і балюча перажываў, калі нехта хацеў выкарыстаць гэты стан для нягодных мэтаў. У тым часе сталася сумна вядомай справа Тодарца, якая пагражала разбіццём царкоўнай еднасці Кіеўскай мітраполіі. Кірыла ня мог заставацца ў баку ад гэтай справы. Аднак, замест таго, каб пачынаць спрэчкі з супраціўнікамі, ён напісаў “Прыповесць пра душу і цела”, вядомую таксама як “Прыповесць пра кульгавага і сляпога”, дзе і выклаў свой погляд на Царкву і царкоўных дастойнікаў. Прыповесць распавядае пра тое, як пэўны гаспадар пасадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго і пабудаваў вароты, але не зачыніў іх. Гаспадар баяўся, што вартаўнік абрабуе вінаграднік, таму сцерагчы паставіў кульгавага і сляпога. Сляпы, на думку гаспадара, пачуе ворага, а кульгавы пабачыць, самі ж яны з-за сваіх калецтваў ня змогуць увайсці ў вініграднік і зрабіць шкоду. Аднак несумленныя вартаўнікі дамовіліся: кульгавы сеў на сляпога і паказваў таму дарогу. Такім чынам яны абрабавалі вінаграднік. Калі гаспадар даведаўся пра злачынства і пачаў шукаць вінаватага, вартаўнікі вінавацілі адзін аднаго. У выніку, гаспадар абодвух пасадзіў у вязніцу.

Вобраз гаспадара нагадвае аўтару Бога, а вінаграднік з адчыненымі дзвярыма – гэта Царква, якая адкрытая для ўсіх. Бог паставіў ахоўваць яе патрыярхаў, біскупаў, ігуменаў і іншых царкоўных зверхнікаў. Нажаль, на прыкладзе Тодарца Кірыла бачыў, што не ўсе яны годныя свайго паклікання.

У гэтай жа прыповесці аўтар разважае пра жыццё пасля смерці. Сляпы для яго – гэта вобраз душы, а кульгавы – цела. Кірыла, як і некаторыя іншыя царкоўныя пісьменнікі, робіць выснову, што да другога прыйсця Хрыстовага “няма ні суду, ні мучэнняў для ўсякай душы чалавека вернага і нявернага”. Такі погляд пярэчыць хрысціянскай традыцыі, у якой ад самага пачатку існавала практыка малітвы за памерлых і культ святых. Аднак пра тое, што святога Кірылы верна трымаўся традыцыі Царквы сведчаць яго малітвы.

Кірыла вядомы як аўтар гэтак званага “Малебнага канону”. Увогуле, канон –даволі складаны твор. Ён мае дзевяць песняў, кожная з якіх звязана з адной з дзевяці песняў Святога Пісання. Звычайна, за выключэннем некаторых канонаў Вялікага Посту, другая песня адсутнічае, так што пасля першай адразу ідзе трэцяя.

Пакутны характар “Малебнага канону” Кірылы Тураўскага, а таксама тое, што ён мае ўсе дзевяць песняў, паказвае, што твор прызначаны для ўжытку ў першую чаргу ў Вялікі Пост. Другі вядомы канон св. Кірылы – канон у гонар св. Вольгі, бабкі Уладзіміра Кіеўскага. Магчыма, канон быў напісаны з нагоды залічэння Вольгі да ліку святых. Ягоны тон ўрачысты і ўзнёслы, але з мастацкага боку ён слабейшы за Канон малебны.

Святы Кірыла і беларуская культура

Вялікі ўплыў св. Кірыла Тураўскі зрабіў на развіццё духоўнасці і мастацкай культуры на Беларусі. Творы яго захаваліся ў шматлікіх рукапісных спісках, самыя старажытныя з якіх паходзяць з ХІІІ стагоддзя. Потым яны трапляюць у першыя друкаваныя кнігі. Так, варта ўзгадаць “Тлумачальнае Евангелле”, выдадзенае Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам, у якім яны змясцілі “Слова на Ўзнясенне” святога Кірылы Тураўскага.

Айцец Аляксандр Надсан звяртае ўвагу на тое, што ў “Малой падарожнай кніжыцы” Францішка Скарыны змешчаны тры малітвы св. Кірылы. Скарына не назваў імя аўтара, магчыма, ён яго нават не ведаў. Але сам факт знаёмства беларускага першадрукара з малітвамі св. Кірылы сведчыць пра іх папулярнасць на Беларусі, а таксама пра існаванне ўласнай духоўнай традыцыі, якая сягае каранямі ў ХІІ стагоддзе.

Кірыла Тураўскі пісаў па царкоўна-славянску. Таму ў наш час робяцца спробы тлумачэння яго твораў на беларускую мову. Айцец Язэп Германовіч, вядомы як паэт Вінцук Адважны, пераклаў адну з малітваў, а вядомы знаўца беларускай музыкі Гай Пікарда падабраў да яе мелодыю. Так паўстала песня “Дай, добры Божа...”. Важны крок у напрамку перакладаў твораў св. Кірылы зрабіў паэт Алесь Разанаў, які пераклаў вершам на сучасную беларускую мову адно з яго словаў. У гэтым годзе з’явіўся пераклад “Малебнага канону” на беларускую мову, які зрабіў грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Абламейка, і якім зараз карыстаюцца падчас набажэнстваў у беларускіх грэка-каталіцкіх парафіях.

Што датычыць даследванняў творчасці святога Кірылы, то, пэўна, самым грунтоўным з’яўляецца доктарская праца а. Пятра Татарыновіча, напісаная па-італійску ў 1950 годзе і абароненая ў Папскім Усходнім Інстытуце. А. Надсан у 1968 годзе выдаў кніжку “Святы Кірыл Тураўскі”, другое, папраўленае і дапоўненае яе выданне выйшла ў 2001 годзе. У 2000 годзе ўбачыла свет другое выданне кнігі Аляксея Мельнікава “Кірыла, епіскап Тураўскі”, у якой змешчаны ўсе творы святога, а таксама шэраг твораў сумніўнага аўтарства.

На гэтым мы скончым нашае знаёмства з творчасцю святога Кірылы Тураўскага. У наступнай праграме мы пагаворым пра яго сучасніка – Клімента Смаляціча.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.