2015-03-23 15:41:00

Клімент Смаляціч


У мінулых праграмах мы гаварылі пра першага вядомага беларускага пісьменніка – святога Кірылу Тураўскага, а сёння ўзгадаем яшчэ аднаго пісьменніка 12 стагоддзя – Клімента Смаляціча. Ён увайшоў у гісторыю як выдатны пісьменнік, філосаф і царкоўны дзеяч.

Клімент, як указвае яго прозвішча, паходзіў са Смаленска. Старажытны горад Смаленск шчыльна звязаны з беларускай гісторыяй. У 12-15 стагоддзях у склад Смаленскага княства ўваходзілі тэрыторыі сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай і Бранскай абласцей Расіі, а таксама беларускія землі ўсходніх частак Магілёўскай і Віцебскай абласцей. У 12-м стагоддзі да Смаленскага княства належылі старажытныя беларускія гарады Орша, Копысь, Крычаў, Прупой (сучасны Слаўгарад), Мсціслаў. У гэты ж перыяд пад кантролем Смаленска даволі часта знаходзіўся Віцебск. Смаленск меў не толькі важнае палітычнае, але і культурна-рэлігійнае значэнне. У 1136 годзе тут была створаная самастойная епархія.

Клімент Смаляціч нарадзіўся на пачатку 12 стагоддзя, аднак дакладная дата яго нараджэння невядомая. Ёсць звесткі, што адукацыю Клімент атрымаў у Канстантынопалі. Пэўны час ён  быў манахам Зарубскага манастыра, які знаходзіўся пад Кіевам. У 1148 годзе пры падтрымцы князя Ізяслава Клімент заняў пасад Кіеўскага мітрапаліта. Ён стаў другім пасля абранага ў 1051 годзе Іларыёна мітрапалітам мясцовага паходжання, бо звычайна Кіеўскі мітрапалічы пасад займалі дасланыя  Канстантынопалем грэкі. Гісторыкі пішуць, што прызначэнне Клімента не было зацверджана Канстантынопальскім патрыярхам. 

У 1154 годзе пасля смерці Ізяслава новым вялікім князем стаў Юры Даўгарукі, ён пазбавіў Клімента кіеўскага пасаду і саслаў ва Уладзімір-Валынскі. Праз тры гады новы кіеўскі князь, сын Ізяслава Мсціслаў вяртае Смаляціча ў Кіеў, аднак мітрапалічы пасад быў заняты стаўленнікам Юрыя Даўгарукага грэкам Канстанцінам. Такое дзіўнае суіснаванне двух мітрапалітаў у Кіеве працягвалася яшчэ некалькі год, пакуль, замест абодвух, не быў прызначаны новы мітрапаліт Феадор. Пасля смерці ў 1163 годзе апошняга  адбылася чарговая спроба ўзвесці Клімента Смаляціча на пасад мітрапаліта, якая зноў была беспаспяховай. Пасля гэтых падзей узгадак  пра Клімента Смаляціча ў гістарычных крыніцах няма, таму дата яго смерці застаецца невядомай.

У Іпацеўскім летапісе Клімент Смаляціч ахарактэрызаваны як кніжнік і філосаф, “якіх на Русі не было яшчэ”. Аднак да нас дайшоў толькі адзін ягоны твор: “Пасланне смаленскаму прасвітару Фаме”. Напісанае яно было, верагодна, паміж 1148 годам, калі Клімент быў узведзены на пасад Кіеўскага мітрапаліта, і 1154 годам, калі памёр князь Ізяслаў.

Пра адрасата “Паслання” і гісторыю ўзнікнення мы ведаем толькі тое, што нам распавядае сам твор. Перадгісторыя такая. Спачатку Клімент Смаляціч даслаў “філасофскае пісанне” князю (верагодна, Расціславу Мсціслававічу смаленскаму), да якога быў набліжаны прасвітар Фама. Відаць, у гэтым “пісанні” Клімент нейкім чынам ненаўмысна абразіў Фаму альбо паміж імі была даўняя спрэчка. Фама, даведаўшыся пра змест “пісання”, даслаў Кліменту ліст, дзе дакараў, што той “фанабэрыцца ў пісаннях сваіх, строячы з сябе філосафа”. Гэты ліст Клімент Смаляціч прачытаў перад шматлікімі слухачамі ў прысутнасці самога князя Ізяслава. Такое публічнае чытанне лістоў з’яўляецца цікавым сведчаннем існавання шырокай літаратурна-багаслоўскай палемікі ва ўсходнеславянскіх княствах. Магчыма такім чынам і Фама даведаўся пра змест “філасофскага пісання” Клімента.

Адказ на ліст Фамы і ёсць той самы адзіны твор Клімента Смаляціча, які захаваўся да нашых часоў.

Галоўная тэма “Паслання смаленскаму прасвітару Фаме” – разважанне пра тое, ці можна дапускаць іншасказальнае тлумачэнне Святога Пісання. Сам Клімент, хоць і не адмаўляе літаральнае тлумачэнне біблійных тэкстаў, усё ж такі з’яўляецца прыхільнікам сімвалічна-алегарычнага метада разумення Бібліі. Гэты метад палягаў на тым, што канкрэтныя падзеі біблійнай гісторыі разглядаюцца як іншаказанне пра духовы сэнс, які застаецца па-за часам.

Алегарычным метадам Клімент Смаляціч валодаў дасканала. У “Пасланні” ён прыводзіць цэлы шэраг алегарычных тлумачэнняў вобразаў Старога і Новага Запаветаў. Клімент піша, што, карыстаючыся гэтым метадам, не робіць нічога новага – так тлумачылі Святое Пісанне айцы Царквы. Сам Госпад выкарыстоўваў алегорыі ў сваіх прыповесцях. Алегарычнае тлумачэнне Смаляціч лічыць натуральным. Узгадваючы эпізод з кнігі Быцця, калі патрыярх Якуб перад сустрэчай са сваім братам Ісавам змагаўся з Богам, Клімент піша так: “Што для мяне кульгавасць Якуба? Якая мне турбота, што Якуб кульгае? Ён баяўся брата свайго Ісава, і Бог, жадаючы зрабіць Якуба смелым, змагаўся з ім, бо з Богам умацуешся, а з чалавекам – не. Зноў жа, Якуб быў вобразам уцелаўлёнай Божай славы, таму Бог і пашкодзіў яму сцягно, бо боская прырода была мацнейшай за чалавечую”.

Алегарычна тлумачыць пісьменнік некаторыя вобразы са знакамітай прыповесці пра міласэрнага самараніна. Ерыхон, паводле Смаляціча, – гэта свет, а Ерусалім – Эдэм. Падарожнік для Клімента – гэта чалавек Адам, які быў захоплены разбойнікамі-бесамі, падманам пазбаўлены богатканай вопраткі і паранены грахамі.

З “Паслання” мы даведваемся пра высокую адукаванасць Клімента Смаляціча. Ён цытаваў не толькі “звычайныя для чытання сачыненні” (магчыма, багаслоўскія творы), але і творы антычнай грэцкай літаратуры і філасофіі: Гамэра, Платона, Арыстоцеля. У “Пасланні прасвітару Фаме” Клімент узгадвае таксама хрысціянскіх пісьменнікаў: святога Рыгора Багаслова, Феадарыта Кірскага і Мікіту Гераклійскага, у якіх, паводле некаторых даследчыкаў, Клімент запазычыў шэраг алегорый для “Паслання”.

Нам застаецца толькі шкадаваць, што пасля такога цікавага багаслова і пісьменніка застаўся толькі адзін твор. Аднак да спадчыны Клімента Смаляціча можна залічыць заснаваную ім літаратурную школу, адным з прадстаўнікоў якой стаў святы Аўрам Смаленскі, выдатны іканапісец і красамоўца.

На гэтым я з вамі развітваюся. У наступнай праграме мы звернемся да творчасці вялікага беларускага асветніка, пісменніка і першадрукара Францішка Скарыны. 

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.