2015-03-23 10:12:00

Кардынал Кох супраць “англіканізацыі” папскай улады


Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, выказаўся супраць “англіканізацыі” папскай улады. Неабходна шукаць новага спосабу яе здзяйснення, без змены яе сутнасці, адзначыў іерарх у інтэрв’ю нямецкай газеце “Tagespost”.

“Я б не хацеў англіканізацыі, таму што крыху ведаю пра пакуты архіепіскапа Кентэрберыйскага, які з’яўляецца толькі ганаровым прымасам – маючы вялікую адказнасць, валодае невялікай колькасцю кампетэнцый”, - сказаў кардынал Кох. Ён падкрэсліў, што ганаровая першаснасць добра функцыянуе “пры добрым надвор’і”, а ў выпадку праблемных сітуацый неабходна фактычная ўлада – права апошняга голасу і ясных кампетэнцый.

Кардынал Кох распавёў, што чым больш займаецца праблематыкай экуменізму, тым глыбей пераконваецца, што “папская ўлада гэта вялікі дар Пана для Яго Касцёла”. Калі б не папская ўлада, з Каталіцкім Касцёлам адбылося тое самае, што з Праваслаўнымі Цэрквамі: “ён бы ўяўляў сабой суму падзеленых нацыянальных Касцёлаў”.

На думку ватыканскага кардынала, актуальны пераслед хрысціян большы па сваім размаху за той, які адбываўся у першыя стагоддзі. “Экуменізм мучанікаў”, які яму спадарожнічае – з’яўляецца сапраўдным зернем еднасці Касцёла, але гэты аспект не дастаткова бярэцца пад ўвагу, лічыць пурпурат.








All the contents on this site are copyrighted ©.