2015-03-21 15:33:00

Святы Айцец паабедаў з вязнямі турмы ў Неапалі


Любоў заўсёды можа змяніць чалавека. Аб гэтым гаворыцца ў пасланні, якое папа Францішак перадаў вязням неапальскай турмы “Джузэпэ Савіа”, якую наведаў 21 сакавіка 2015 г. Каля ўваходу ў пэнітэнцыярную ўстанову сабраліся тысячы мясцовых жыхароў, якія віталі Святога Айца спевамі на неапалітанскім  дыялекце. У турме Папа паразмаўляў са зняволенымі і з’еў з імі просты абед. Бог не забывае пра сваіх дзяцей і ніколі іх не пакідае, запэўніў іх Францішак. Папа прызнаўся, што атрымлівае лісты з усяго свету ад людзей, якія адбываюць пакаранні за ўчыненыя злачынствы. “Я добра ведаю пра вашы сітуацыі”, адзначыў ён.

“Вязні вельмі часта ўтрымліваюцца ва ўмовах нягодных чалавечай асобы, і пасля не здольваюць вярнуцца ў грамадства. Але дзякуй Богу ёсць таксама кіраўнікі, капеланы, выхавацелі, душпастырскія працаўнікі, які ведаюць як вас падтрымліваць належным чынам. Існуюць добрыя і значныя прыклады вяртання да нармальнага жыцця”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў прыкладаць намаганні, каб спыряць рэ-інтэграцыі зняволеных пасля адбывання пакарання і змене адносін да іх у грамадстве. “У аснове гэтай дзейнасці павінна знаходзіцца ўпэўненасць у тым, што любоў заўсёды можа змяніць чалавека”, - лічыць ён. Дзякуючы клопату пра зняволеных у турмах, на думку Францішка, усё грамадства можа станавіцца больш справядлівым і ўважлівым да людзей.








All the contents on this site are copyrighted ©.