2015-03-18 15:21:00

Эўхарыстыя (ІІ)


Сёння мы працягваем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Натуральна, што чалавек, які даволі часта ўдзельнічае ў Святой Імшы, ведае на памяць некаторыя часткі эўхарыстычнай малітвы, асабліва словы кансэкрацыі ці нейкіх іншых малітваў, і даволі часта некаторыя вернікі разам са святаром ціха паўтараюць словы гэтай малітвы. Але варта памятаць, што цэлебрацыя Найсвяцейшай Эўхарыстыі не з’яўляецца нейкім прыватным актам пабожнасці, але гэта літургія ўсяго Касцёла, і кожны вернік павінен на свой спосаб удзельнічаць у гэтай цэлебрацыі, таму 907-ы какнон кодэксу вельмі выразна падкрэслівае, што ў эўхарыстычнай цэлебрацыі дыяканам і свецкім не дазваляецца гаварыць малітвы, асабліва эўхарыстычную малітву, або здзясняць акты, уласныя для святара цэлебранта.

Таксама каталіцкім святарам забаронена канцэлебраваць Эўхарыстыю са святарамі або распарадчыкамі касцёлаў, якія не знаходзяцца ў поўнай камуніі з Каталіцкім Касцёлам. Гэта зусім не азначае, што каталіцкаму святару нельга прысутнічаць на набажэнстве, якое цэлебруе праваслаўны святар або наадварот, нельга запрасіць праваслаўнага святара на цэлебрацыю Святой Імшы, толькі тут гаворка ідзе аб забароне канцэлебрацыі, г.зн. разам “саслужылі” Найсвяцейшую Эўхарыстыю. Калі ж гаворка ідзе аб адносінах з хрысціянскімі супольнасцямі (напрыклад, з пратэстантамі, а аб розніцы паміж Касцёлам і хрысціянскай супольнасцю я казаў у мінулай перадачы), то такая канцэлебрацыя не толькі забаронена, але таксама, калі б яна адбылася, то з’яўляецца злачынствам, і каталіцкі святар падпадае пад касцёльныя пакаранні, і разбірацца з гэтай справай ужо будзе Кангрэгацыя Веравучэння, таму што калі святар дапускае такую цэлебрацыю, азначае, што ён наогул не разумее сэнсу і значэння Найсвяцейшай Эўхарыстыі.

Цяпер паразважаем наконт удзялення Святой Камуніі. Мы ў Беларусі ўжо прызвычаіліся да таго, што Святую Камунію ўдзяляе святар, дыякан або ў некаторых выпадках семінарыст, але той, хто быў у касцёлах Заходняй Еўропы, даволі часта могуць сустрэць сітуацыю, калі Святую Камунію ўдзяляюць свецкія вернікі, а часам нават і жанчыны. Трэба ведаць, што звычайнымі распарадчыкамі Святой Камуніі з’яўляюцца біскуп, прэзбітэр і дыякан, але таксама па меркаванні Канферэнцыі Біскупаў могуць быць устаноўлены надзвычайныя распарадчыкі Святой Камуніі – свецкія акаліты або іншыя вернікі. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі некалькі гадоў назад засведчыла, што цяпер, дзякуй Богу, у Беларусі ёсць дастатковая колькасць святароў і іншых звычайных распарадчыкаў Святой Камуніі і няма патрэбы ў прызначаных на стала свецкіх распарадчыках Святой Камуніі.

Таксама многа пытанняў датычаць таго, у якой паставе прымаць Святую Камунію – ці стоячы, ці на каленях, ці магчыма прыняць Цела Хрыста ў рукі і г.д. Трэба сказаць, што ў гэтай матэрыі няма адзінага абсалютнага правіла для ўсяго Касцёла, кожная Канферэнцыя Біскупаў у кожнай краіне вырашае гэтае пытанне па-свойму, але варта памятаць, што прыняцце Святой Камуніі залежыць перад усім ад унутранага настаўлення чалавека, наколькі я гатовы прыняць Хрыста ў сваё сэрца і ніколі нельга думаць, што прыняцце Святой Камуніі на каленях больш пабожнае ад прыняцця Хрыста стоячы. Вельмі важнай з’яўляецца таксама пастава адзінства ў літургіі. Таму калі мы ўдзельнічаем у цэлебрацыі там, дзе Святую Камунію прымаюць стоячы, то не трэба дэманстратыўна перад усімі станавіцца на калені, паказваючы сваю пабожнасць.

Да паміраючага чалавека Касцёла ідзе на дапамогу праз Віятык – Святую Камунію, якая ўдзяляецца на дарогу да вечнасці, і менавіта Віятык, а не намашчэнне хворых з’яўляецца астатнім сакрамэнтам чалавека на гэтым свеце (але аб гэтым пагаворым пазней). Калі мы разважалі аб правах і абавязках пробашча, мы казалі, што адным з гэтых правоў і абавязкаў з’яўляецца дастаўляць Найсвяцейшую Эўхарыстыю хворым як Віятык, але натуральна, што ў астатнія гадзіны жыцця чалавека дастаўляць Віятык паміраючаму можа і павінен любы святар.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай перадачы мы працягнем гаворку аб Найсвяцейшай Эўхарыстыі, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!  

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.