2015-03-18 11:41:00

Францішак: грамадства без дзяцей – сумнае і шэрае


Дзеці прыносяць жыццё, радасць, надзею, а таксама і клопаты. Але лепш мець гэтыя клопаты, чым грамадствы сумныя і шэрыя, па прычыне таго, што засталіся без дзяцей! На гэта звярнуў увагу папа Францішак 18 сакавіка 2015 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Дзяцям, як вялікаму дару для чалавецтва, Святы Айцец прысвяціў сваю сённяшнюю катэхезу – перадапошнюю з першай часткі разважанняў пра сям’ю. “Па тым, як адносяцца да дзяцей, можна судзіць аб грамадстве”, - падкрэсліў Францішак.

Дзяцінства – гэта важны перыяд, які нагадвае людзям пра той час, калі яны былі цалкам залежныя ад клопату і добразычлівасці іншых. Нават Езус Хрыстус не абмінуў гэты жыццёвы этап, аб чым штогадова нагадвае ўрачыстасць Божага Нараджэння і яслі – “сапраўдная ікона, што перадае гэту рэчаіснасць простым і непасрэдным чынам”, заўважыў Папа.

“Цікава, што Бог лёгка становіцца зразумелым дзецям, і дзеці не маюць праблем з тым, каб разумець Бога. Не выпадкова ў Евангеллі ёсць некалькі вельмі прыгожых і моцных слоў Езуса пра “малых”. Гэта паняцце – “малы” – указвае на ўсіх людзей, якія залежаць ад дапамогі іншых, асабліва на дзяцей. Напрыклад, Езус кажа: “Праслаўляю Цябе,  Ойча, Пан неба і зямлі, што закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям” (Мц 11,25). І яшчэ: “Глядзіце, не пагарджайце ніводным з тых малых, бо кажу вам, што анёлы іхнія ў нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ў нябёсах” (Мц 18,10)”, - нагадаў Папа.

Дзеці з’яўляюцца багаццем для чалавецтва і Касцёла, таму што пастаянна нагадваюць аб тым, што нельга лічыць сябе цалкам самадастатковым. Чалавек заўсёды патрабуе дапамогі, любові, прабачэння – і гэта ўмовы, неабходныя для ўваходу ў Валадарства Божае, заўважыў Пантыфік. Ён падкрэсліў таксама, што дзеці нагадваюць аб сыноўняй тоеснасці кожнага чалавека, якая застаецца незалежна ад узросту і статусу ў грамадстве.

“Існуе шмат дароў, багаццяў, якія дзеці даюць чалавецтву. Я узгадаю пра некаторыя з іх. Дзеці па-свойму бачаць рэальнасць, чыстым і даверлівым позіркам. Дзіця мае спантанны давер да таты і мамы; мае спантанны давер да Бога, Езуса, Маці Божай. У той жа час, яго ўнутраны позірк – чысты, яшчэ не атручаны каварствам, двудушнасцю, жыццёвымі “нарастамі”, якія робяць цвёрдым сэрца. Мы ведаем, што таксама і дзеці маюць першародны грэх, эгаізм, але захоўваюць чыстасць, унутраную прастату (...). Дзеці таксама нясуць з сабой здольнасць прымаць і дарыць пяшчоту. Пяшчота – гэта таксама паэзія: “адчуванне” рэчаў і падзей, а не бачанне ў іх толькі аб’ектаў, створаных выключна для выкарыстання, для службы”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што дзеці могуць вярнуць дарослым здольнасць смяяцца і плакаць, якую яны часта губляюць па прычыне цвёрдага сэрца. “Некаторыя, калі я бяру іх на рукі, смяюцца; іншыя – калі бачаць мяне, апранутага ва ўсё белае, думаюць што я ўрач і прыйшоў, каб зрабіць ім прышчэпку – плачуць! (...) Дзеці, яны такія! Плач і смех – гэта дзве рэчы, якія ў нас дарослых часта “блакуюцца”, да якіх мы часта становімся няздольнымі. Часта нашы усмешкі становяцца нацягнутымі, безжыццёвымі, нежывымі, усмешкамі штучнымі, клоунскімі (...).Таму дзеці могуць навучыць нас нанова смяяцца і плакаць”, - сказаў Папа.

Напрыканцы аўдыенцыі Францішак нагадаў, што 19 сакавіка Касцёл будзе адзначаць урачыстасць св. Юзафа, апекука Паўсюднага Касцёла. Па традыцыі, звяртаючыся да моладзі, хворых і маладых сужэнскіх пар, ён заклікаў браць прыклад са сціплага і пакорнага жыцця гэтага святога, пераносіць пакуты з уласцівым яму маўчаннем і будаваць сямейнае жыццё на любові, якая яднала яго з Паннай Марыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.