2015-03-18 12:03:00

Святы Пасад у ААН пра роўныя правы для жанчын


Хоць у свеце быў дасягнуты значны прагрэс у барацьбе за правы жанчын, асабліва ў такіх галінах, як адукацыя, палітычнае прадстаўніцтва і ўдзел у эканамічным жыцці, аднак, па-ранейшаму занадта шмат жанчыны сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і многімі формамі насілля толькі за тое, што яны жанчыны. На гэта звярнуў увагу Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый падчас 59-й сесіі Камісіі па становішчы жанчын, якая праходзіць 9-20 сакавіка 2015 г. у Нью-Ёрку.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса заклікаў да развіцця інклюзіўных і справядлівых эканомік, што, на думку Святога Пасаду, акажа глыбокі ўплыў на паляпшэнне становішча жанчын. Жанчыны часта сутыкаюцца з нядобрасумленнай палітыкай у галіне занятасці, няроўнай аплатай за роўную працу, адмовай у доступе да крэдытаў і ўласнасці, пераследам у сітуацыях канфліктаў і міграцыі. Менавіта жанчыны складаюць большасць сярод бедных слаёў насельніцтва, з чым звязана паслабленне інстытутаў сям’і і сужэнства. Многія маці ў складанай сітуацыі не пасылаюць сваіх дзяцей у школу, такім чынам, залучаючы іх у заганны круг беднасці і маргіналізацыі. 

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў перакананне, што барацьба за роўны доступ да якаснай адукацыі для дзяўчынак, з’яўляецца незаменным кампанентам у барацьбе за паляпшэнне становішча жанчын.

Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы выступіла з заявай, у якой пацвердзіла гатоўнасць папы Францішка супрацоўнічаць з усімі, хто жадае будаваць свет, у якім з жанчынамі абыходзяцца як з роўнымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.