2015-03-18 15:50:00

Пакаянне (ІІ)


У сённяшняй нашай перадачы мы працягнем гаворку аб нормах права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнту пакуты і пакаяння і сёння больш падрабязна пагаворым аб распарадчыку гэтага сакрамэнту. Напэўна, кожны з нас добра ведае, што распарадчыкам сакрамэнту пакаяння з’яўляецца святар, але гэта толькі неабходнае патрабаванне, але не дастатковае. Для сапраўднага адпушчэння грахоў (менавіта да сапраўднасці споведзі) патрабуецца, каб распарадчык апрача ўлады, якая паходзіць з пасвячэння (гэта значыць апрача таго, што ён з’яўляецца святаром), меў таксама паўнамоцтва ажыццяўляць яе ў адносінах да тых вернікаў, якім ён удзяляе адпушчэнне грахоў. Такое паўнамоцтва можа быць дадзена святару або з моцы самога права або прадастаўлена кампетэнтнай уладай, і аб гэтым зараз больш падрабязна пагаворым.

Хто мае паўнамоцтва і дзе спавядаць з моцы самога права? Па-першае, гэта Рымскі Пантыфік, які можна свабодна ўдзяляць сакрамэнт пакаяння ва ўсім свеце. Па-другое, кардыналы і біскупы таксама могуць цэлебраваць сакрамэнт пакаяння без абмежаванняў ва ўсім свеце, хіба што у нейкіх асаблівых выпадках дыцэзіяльны біскуп таго месца, дзе іншы біскуп мае спавядаць супрацівіцца гэтаму, але такая норма не датычыць кардыналаў – яны могуць спавядаць неабмежавана ва ўсім свеце.

Наступная катэгорыя – гэта тыя, хто з моцы сваёй пасады можа цэлебраваць сакрамэнт пакаяння. З моцы пасады на тэрыторыі сваёй юрысдыкцыі паўнамоцтва прымаць споведзі маюць ардынарый месца, канонік пенітэнцыярый (гэта спецыяльны святар, прызначаны біскупам, які можа ўдзяляць адпушчэння грахоў з якімі звязана касцёльнае пакаранне – але аб гэтым трохі пазней), а таксама пробашч і іншыя асобы, якія замяняюць пробашча. Таксама з моцы сваёй пасады паўнамоцтва прымаць споведзь у сваіх падуладных, а таксама ў іншых асоб, які кругласутачна знаходзяцца ў доме, маюць настаяцелі пэўных манаскіх інстытутаў або супольнасцяў апостальскага жыцця (я спецыяльна не вымяняю яшчэ некалькі прыметаў, якія павінны мець гэтыя настаяцелі і гэтыя манаскія інстытуты, бо яны не для ўсіх будуць зразумелыя). Усім астатнім святарам ардынарый таго месца, дзе яны інкардываныя або пражываюць, павінен удзяліць такі дазвол, каб святары ім маглі карыстацца. І агульнае правіла ў цяперашнім кодэксе кананічнага права з’яўляецца такім, што калі нейкі святар мае паўнамоцтва ад свайго ардынарыя на цэлебрацыю сакрамэнту пакаяння, то ён можа спавядаць ва ўсім свеце. Калі нейкі ардынарый забароніць па нейкіх прычынах такому святару спавядаць на тэрыторыі сваёй юрысдыкцыі, то ён не можа спавядаць толькі на гэтай тэрыторыі. Калі ж здарыцца так, што ўласны ардынарый святара (той, які даў яму гэтае паўнамоцтва) па нейкіх прычынах забароніць святару спавядаць, то ён не можа сапраўдным чынам слухаць споведзі вернікаў нідзе ў свеце, а калі б ён не выканаў гэтага распараджэння свайго ардынарыя, то такі святар падпадае пад касцёльнае пакаранне, і разглядаць гэта злачынства будзе кангрэгацыя веравучэння.

Але ёсць выключная сітуацыя – небяспека смерці пенітэнта. Варта ведаць, што кожны святар, нават які не мае паўнамоцтва прымаць споведзь, нават які сам знаходзіцца ў касцёльных пакараннях і не можа ў звычайнай сітуацыі удзяляць ніякіх сакрамэнтаў, пры небяспецы смерці, якая пагражае любым пенітэнтам, сапраўдным і годным чынам вызваляе іх ад усіх цэнзур (г.зн. пэўных касцёльных пакаранняў) і грахоў, нават у прысутнасці зацверджанага для гэтага святара.

Права апісвае яшчэ адну сітуацыю, якая надаль, з-за чалавечай слабасці можа здарыцца – а менавіта калі святар удзяляе адпушчэнне грахоў саўдзельніку ў граху супраць шостай запаведзі Дэкалогу (як мы добра ведаем шостая запаведзь – не чужалож). Такое адпушчэнне грахоў з’яўляецца несапраўдным – святар аўтаматычна падпадае пад касцёльнае пакаранне, за такое злачынства прадугледжана экскамуніка (г.зн. адно з найбольш цяжкіх пакаранняў, якое пазбаўляе магчымасці прымаць і ўдзяляць сакрамэнты) latae sententiae (гаворачы простымі словамі – аўтаматычная), і зняць такое пакаранне можа толькі Кангрэгацыя веравучэння. Касцёл такім чынам падкрэслівае важнасць сакрамэнту пакаяння і цяжкасць граху, які можа мець месца.

Паважаныя радыёслухачы! У наступнай нашай перадачы мы працягнем гаворку аб нормах права, які рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнту пакаяння, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.