2015-03-18 15:57:00

Пакаянне (IV)


Сёння ў нашай перадачы мы закончым разважанні над нормамі права, якія рэгулююць цэлебрацыю сакрамэнту пакаяння і паяднання. І найперш хацелася б паразважаць аб правах і абавязках пенітэнта, г.зн. таго верніка, які прыступае да сакрамэнту споведзі. Кодэкс гаворыць, што кожны вернік, для таго, каб атрымаць збаўчую моц сакрамэнту пакаяння, павінен быць духоўна дыспанаваны (гэта значыць адпаведным чынам духоўна падрыхтаваны) для таго, каб звярнуцца да Бога, адчуваючы агіду да здзейсненых грахоў і маючы намер выправіцца. Напэўна, кожны з нас добра ведае пяць умоў добрай споведзі, і адной з гэтых умоў з’яўляецца вызнаванне грахоў, таксама і норма права гаворыць пра гэта, што вернік абавязаны спавядацца, указваючы від і колькасць усіх цяжкіх грахоў, здзейсненых пасля хросту, але яшчэ не адпушчаных непасрэдна ўладай ключоў, дадзенай Касцёлу, і не адкрытых на індывідуальнай споведзі, якія ён прызнае пасля дакладнага рахунку сумлення. Звернем увагу на той факт, што тут гаворка ідзе аб цяжкіх грахах. Пенітэнт павінен назваць від і колькасць цяжкіх грахоў, таму што такая інфармацыя неабходна спаведніку для ацэнкі сітуацыі пенітэнта. Таксама гаворка ў каноне ідзе аб цяжкіх грахах, яшчэ не адкрытых на індывідуальнай споведзі. Што гэта такое? У адной з нашых мінулых перадач мы ўжо казалі аб тым, што пры пэўных умовах існуе магчымасць атрымаць адпушчэнне грахоў адразу многім пенітэнтам, але заўсёды застаецца абавязак для верніка пасля такога агульнага адпушчэння грахоў вызнаць на індывідуальнай споведзі ўсе такія грахі (канешне, калі ёсць магчымасць для гэтага). Таксама трэба вызнаць грахі, якія былі несвядома забытыя пенітэнтам падчас мінулых споведзяў і не былі непасрэдна адпушчаныя уладай ключоў, дадзенай Касцёлу. Таксама вернікам рэкамендуецца спавядацца таксама і са штодзённых грахоў – гэта так званая “споведзь з пабожнасці”, таму што сакрамэнт пакаяння з’яўляецца не толькі непасрэдным інструментам адпушчэння грахоў, але таксама і крыніцай Божых ласкаў, неабходных для духоўнага развіцця чалавечай асобы.

Таксама варта тут успомніць ад другой касцёльнай запаведзі - кожны вернік пасля дасягнення свядомага ўзросту павінен хаця б раз у год верна спавядацца са ўсіх сваіх цяжкіх грахоў. Мы разумеем, што патрабаванне споведзі раз у год – гэта той мінімум, калі чалавек, які называе сябе хрысціянінам, павінен пакаяцца ў сваіх грахах і паяднацца з Богам. Наогул у тым, што датычыць адносінаў з Богам, цяжка гаварыць аб нейкіх часовых рамках, але для свецкага хрысціяніна рэкамендуецца прыступаць да сакрамэнту пакаяння (канешне ж, калі не здарыцца цяжкі грэх) прыблізна раз у месяц, для святароў і духоўных асобаў – раз на два тыдні.

Яшчэ сёння мне хацелася б некалькі слоў сказаць аб адпустах – практыцы, даволі шырока распаўсюджанай ў Касцёле, але не заўсёды добра зразумелай. Кожны грэх застаўляе пэўны адбітак – у адносінах з Богам, з іншым чалавекам, з супольнасцю. На споведзі пасля адпушчэння грахоў Бог нам даруе віну, але застаецца гэты адбітак, так званае часовае пакаранне за грахі. Касцёл атрымаў ад Бога прывілей у пэўных сітуацыях “вычашчаць” таксама гэты адбітак, прабачаць таксама часовaе пакаранне за грахі, г.зн. адпуст – гэта адпушчэнне перад Богам часовага пакарання за грахі, ужо адпушчаныя ў тым, што датычыць віны, які вернік, адпаведным чынам дыспанаваны атрымоўвае на дакладна ўсталяваных умовах праз дзеянне Касцёла, які, як распарадчык збаўлення, аўтарытэтна распараджаецца скарбніцай заслуг Хрыста і  святых і прымяняе яе. Адпуст бывае частковы і поўны, у залежнасці ад таго, якім чынам ён вызваляе ад часовага пакарання за грахі – часткова або поўнасцю. Кожны вернік можа ахвяроўваць часовыя або поўныя адпусты або для сябе самога або прымяняць іх у якасці малітвы за памерлых. Толькі Рымскі Пантыфік можа вырашаць, калі і за што можна атрымаць адпусты ў Касцёле. Але для таго, каб атрымаць адпуст, патрэбна выкананне наступных умоў – быць у стане асвячальнай лачкі (гэта значыць без цяжкага граху), выключыць усялякую прывязанасць да граху, нават штодзённага, выканаць дзеянне, якое звязана з атрыманнем адпусту (напрыклад, наведаць могілкі ці іншае святое месца), прыняць Святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца.

Паважаныя радыёслухачы! Такім чынам мы заканчваем нашыя разважанні над цэлебрацыяй сакрамэнту паяднання і пакаяння, а ў наступнай перадачы пагаворым аб сакрамэнце намашчэння хворых, а на сёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі








All the contents on this site are copyrighted ©.