2015-03-18 10:29:00

Біскуп Дзям’янка пра візіт Дзяржсакратара Папы


Аб нядаўнім візіце ў Беларусь Дзяржсакратара Яго Святасці папы Францішка кардынала Пьетра Параліна ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё выказаўся Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Ён лічыць, што гэты візіт быў вельмі патрэбным і прынясе вялікі плён у будучыні. “Касцёл у Беларусі развіваецца, і візіт асобы такога рангу – гэта знак таго, што Папа адпаведна ацэньвае гэта развіццё. Візіт у Беларусь, дзе адбываліся перамовы адносна Украіны, – гэта таксама знак таго, што наша краіна неабыякава ставіцца да канфлікту ў нашых суседзяў, а католікі маліліся за Украіну і перажывалі за брацкі народ. Асабліва ў Пінскай дыяцэзіі, паўднёвая мяжа якой – больш за тысячу кіламетраў – гэта мяжа з Украінай”, - сказаў біскуп Антоні.

Важным ён лічыць і тое, што адбылося асвячэнне вуглавога каменя пад будову Апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Гэта першая такая будоўля ў гісторыі нашай краіны. “Кардынал Дзяржсакратар спаткаўся з моладдзю, дзецьмі і вернікамі і ўбачыў, што Касцёл у Беларусі дынамічна развіваецца, а гэта значыць, што ёсць сэнс узводзіць будоўлю нунцыятуры, яна будзе запатрабаваная”, - пракаментаваў Біскуп Пінскі.

Таксама ён адзначыў, што кардынал Паралін спаткаўся з біскупамі, была доўгая размова, кожны меў магчымасць прадставіць усе бляскі і цені душпастырства ў сваёй дыяцэзіі. “Пінская дыяцэзія, як і іншыя дыяцэзіі, маюць шматлікія заданні. Гэта, у прыватнасці, арганізацыя месцаў культу ў новых мікрараёнах гарадоў. Важнае заданне для нас таксама – захаваць узровень катэхізацыі, шукаць новыя магчымасці для евангелізацыі сучаснага чалавека. Жыццё так імкліва развіваецца, чалавек атрымлівае за адзін дзень столькі інфармацыі, што часамі ён разгублены – якія прыярытэты паставіць? Бачым, што і ў хрысціянскіх бацькоў здараюцца выпадкі няправільна расстаўленых прыярытэтаў. Перадача дзіцяці веры, духоўнай спадчыны часам знаходзіцца не на найважнейшым месцы. Але ж найвялікшая каштоўнасць, якую бацькі перадаюць дзецям – гэта не адукацыя, не кватэра, не рахунак у банку, а вера і мараль, заснаваная на навуцы Касцёла. Як гэта зрабіць? Напэўна, патрэбна больш актывізаваць таксама і выдавецкую дзейнасць. Гэта і наша большая прысутнасць у свецкіх медыях, школах, ВНУ. Не адзін раз падчас візіту Дзяржсакратару Яго Святасці было зададзена пытанне наконт канкардата. Бо Каталіцкі Касцёл імкнецца больш актывізаваць свецкіх вернікаў, ёсць катэхетычныя каледжы, але атрымаўшы дыплом, што далей? Ці змогуць яны рэалізаваць сябе ў сістэме адукацыі нашай дзяржавы, працуючы дзесьці ў школе, ліцэі, ВНУ з моладдзю?” – паставіў пытанні каталіцкі іерарх. Ён мае надзею, што дамоўленасць дасць больш шансаў на сістэматычнае душпастрыства ў шпіталях, войску, пенітэнцыярных установах.

Вялікае значэнне, на думку біскупа Антонія, мелі і сустрэчы з вышэйшымі дзяржаўнымі ўладамі. Ён спадзяецца, што яны прынясуць вялікі плён не толькі ў бліжэйшы час, але і ў далейшай будучыні. Іерарх мяркуе, што візіт кардынала Параліна стане штуршком да яшчэ больш актыўнай дзейнасці Касцёла ў Беларусі ў гэтых напрамках.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.