2015-03-17 10:40:00

Францішак напісаў ліст да нігерыйскіх біскупаў


Святы Айцец Францішак напісаў спецыяльны ліст да нігерыйскіх біскупаў, які стаў “братэрскім прывітаннем” і магчымасцю “падзяліцца некаторымі думкамі” аб бягучай сітуацыі ў краіне. Пантыфік нагадаў, што Нігерыя “афіцыйна лічыцца найбуйнейшай афрыканскай эканомікай”, якая “у апошнія гады адзначалася ўстойлівым ростам”. Краіна таксама праявіла палітычны патэнцыял, вырашаючы крызісныя сітуацыі на кантыненце. 

У той жа час, нігерыйскі народ быў вымушаны супрацьстаяць “новым і гвалтоўным формам экстрэмізму і фундаменталізму на этнічных, сацыяльных і рэлігійных падставах”, многія былі забітыя, параненыя або скалечаныя, выкрадзеныя і пазбаўленыя ўсяго, многія не змаглі дагэтуль вярнуцца ў свае дамы. “Вернікі, як хрысціянскія, так і мусульманскія, дасведчылі агульны трагічны зыход”, - напісаў Папа. Усё гэта адбылося толькі таму, што некатрыя людзі перастварылі рэлігію ў ідэалогію “для сваіх скажоных інтарэсаў эксплуатацыі і забойства”, дадаў ён.

Пантыфік запэўніў увесь нігерыйскі народ у сваёй блізкасці і малітве. Ён нагадаў, што мір – гэта не толькі адсутнасць канфлікту ці вынік палітычнага кампрамісу. Мір – гэта “дар, які прыходзіць з нябёсаў; гэта сам Езус Хрыстус, Князь Спакою”. У той жа час, мір – гэта і штодзённыя мужныя намаганні для будавання “мастоў дыялогу”, для”служэння слабым і выключаным”. Гэта ўсё называецца “культурай сустрэчы”, нагадаў Святы Айцец. Ён выказаў падзяку Касцёлу ў Нігерыі, святарам, законнікам, місіянерам і катэхетам, за сведчанне “гасціннасці, міласэрнасці і прабачэння”.

Папа звярнуўся да нігерыйскіх біскупаў з заклікам “ісці наперад па шляху міру”: суправаджаць ахвяр, прыходзіць на дапамогу бедным, навучаць моладзь, спрыяць пабудове больш справядлівага і братняга грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.