2015-03-16 13:04:00

Францішак прыняў біскупаў з Босніі і Герцагавіны


16 сакавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі біскупаў з Босніі і Герцагавіны, якія прыбылі ў Рым у рамках візіту “ad limina Apostolorum”. Гэту балканскую краіну Святы Айцец наведае з апостальскім візітам 6 чэрвеня 2015 г.  У звароце, перададзеным іерархам, ён закрануў шэраг актуальных для мясцовага Касцёла пытанняў, у першую чаргу грамадскіх. Эміграцыя, адсутнасць працы, нестабільнасць сем’яў, эмацыйныя і сацыяльныя пакуты цэлых супольнасцяў, наступствы нядаўняга ваеннага канфлікту – усе гэтыя праблемы патрабуюць асаблівай увагі каталіцкай супольнасці. “Заклікаю вас не шкадаваць энергіі падтрымліваючы слабых, дапамагаючы – магчымымі для вас спосабамі – тым, хто мае законнае і апраўданае жаданне застацца на сваёй роднай зямлі, задавальняючы духоўны голад тых, хто верыць у вечныя каштоўнасці, народжаныя з Евангелля, якія на працягу стагоддзяў насычалі жыццё вашых супольнасцяў”, - напісаў Папа.

Пантыфік нагадаў пра шматэтнічны і шматкультурны склад насельніцтва Босніі і Герцагавіны. Каталіцкія біскупы павінны быць айцамі для ўсіх, павінны мець вялікая сэрца здольнае прыняць людзей незалежна ад іх культурнай і этнічнай прыналежнасці, перакананы Папа.

Францішак нагадаў іерархам пра важнасць працы з маладымі вернікамі, каб, натхнёныя сацыяльным навучаннем Касцёла, яны станавіліся галоўнымі дзеючымі асобамі ў будаванні будучыні краіны. Ён заклікаў пераадольвасць цяжкасці ў адносінах паміж дыяцэзіяльным духавенствам і законнікамі, памятаючы аб агульным пакліканні служыць Божаму Валадарству. Папа нагадаў баснійскім біскупам пра важнасць адзінства паміж cабой, якое павінна дасягацца на ўсіх узроўнях.

Аб сваім рашэнні наведаць Боснію і Герцагавіну Францішак абвясціў 1 лютага 2015 г. У праграме яго падарожжа будзе толькі адзін горад – Сараева.  Апошні раз Боснію і Герцагавіну наведваў св. Ян Павел ІІ. За час свайго пантыфікату ён зрабіў гэта двойчы: у красавіку 1997 г. і ў чэрвені 2003 г. Католікі ў гэтай краіне складаюць каля 15% насельніцтва. Каля 30% насельніцтва з’яўляюцца праваслаўнымі і 40% – мусульманамі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.