2015-03-16 14:01:00

Ватыканскія іерархі наведваюць Сірыю і Кот-д’Івуар


Сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Кірыл Васіль і сакратар асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Каталіцкім Касцёлам (ROACO) а. Макс Капаб’янка знаходзяцца з афіцыйным візітам у Сірыі. Падарожжа мае на мэце выразіць пастаянную ўвагу Апостальскай Сталіцы да драматычнай сітуацыі насельніцтва і Касцёла ў гэтай блізкаўсходняй краіне, а таксама запэўніць мясцовых пастыраў і вернікаў у падтрымцы папы Францішка.

Візіт працягваецца з 13 па 18 сакавіка 2015 г. У яго рамках – удзел у пасяджэнні Асамблеі каталіцкіх іерархаў, сустрэча з кіраўніцтвам мясцовага аддзялення “Caritas”, малітоўнае чуванне з моладзю ў Дамаску, наведванне дабрачынных і душпастырскіх цэнтраў.

13-17 сакавіка 2015 г. праходзіць візіт старшыні Папскай рады па міжрэлігійнаму дыялогу кардынала Жан-Луі Таран у Кот-д’Івуар. Нагодай для паездкі стала святкаванне 110-годдзя пачатку евангелізацыі ў дыяцэзіі Карога. У рамках візіту – сустрэчы з акадэмічнай супольнасцю Заходзеафрыканскага каталіцкага ўніверсітэта і мясцовым епіскапатам, прадстаўнікамі іслама і афрыканскіх традыцыйных рэлігій, палітычным кіраўніцтвам краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.