2015-03-15 11:09:00

Юбілейны год міласэрнасці – што гэта?


13 сакавіка 2015 г. папа Францішак абвясціў аб сваім рашэнні правесці ў Касцёле пазачарговы Юбілейны год. Ён пачнецца адкрыццём Святой брамы ў базыліцы св. Пятра 8 снежня 2015 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а закончыцца 20 лістапада 2016 г, ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Маючы адбыцца Юбілей прымеркаваны да пяцідзесяцігоддзя закрыцця ІІ Ватыканскага Сабора. Евангельскія чытанні для Юбілейнага году будуць узяты з Евангелля паводле св. Лукі, якога называюць “евангелістам міласэрнасці”. Евангнелле паводле св. Лукі вядома прыпавесцямі аб згубленай авечке (15, 3-7) згубленай драхме (15,8-10) і блудным сыне (15,11-32).

Урачыстае і афіцыйнае абвяшчэнне Святога году адбудзецца ў Нядзелю Божай Міласэрнасці 12 красавіка 2015 г., калі перад Святой брамай будзе зачытана адпаведная папская була.

У старазапаветныя часы юбілейны год аб’яўляўся адзін раз у пяцьдзесят гадоў. Юбілей павінен быў вярнуць роўнасць усім сынам Ізраэля, даючы дадатковы шанец сем’ям, якія пазбавіліся маёмасці ці нават асабістай свабоды. Для заможных людзей, юбілейны год азначаў, што рабы-ізраільцяне могуць зноў атрымаць свабоду.  Каталіцкі Касцёл надзяліў яўрэйскі юбілейны год духоўным сэнсам. Ён заключаецца ў прабачэнні, у індульгенцыі, якую можа атрымаць кожны, і ў магчымасці абнавіць свае адносіны з Богам і бліжнім.

У Каталіцкім Касцёле традыцыя Юбілейных гадоў пачалася пры папе Баніфацыі VIII у 1300 г. Ён павінен быў праходзіць адзін раз у сто гадоў. Пачынаючы з 1475 г. было вырашана святкаваць Юбілейны год раз у 25 гадоў, каб даць магчымасць кожнаму пакаленню перажыць прынамсі адзін Святы год. Пазачарговыя юбілеі абвяшчаліся ў асаблівых выпадках з XVI ст.

Да сённяшняга дня ў Касцёле былі адсвяткаваны ўсяго 26 Юбілейных гадоў – апошні адбыўся ў 2000 г. Апошнія пазачарговыя Юбілеі адзначаліся ў 1933 г. з нагоды 1900-годдзя Адкуплення і ў 1983 г. з нагоды 1950-годдзя Адкуплення.

Абвяшчаючы Юбілены год міласэрнасці, папа Францішак ставіць у цэнтры агульнай увагі міласэрнасць Бога, які запрашае ўсіх людзей вярнуцца да Яго. Тэма міласэрнасці з’яўляецца адной з самых любімых у навучанні папы Францішка. У тэксце яго апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” слова “міласэрнасць” сустракаецца 31 раз.








All the contents on this site are copyrighted ©.