2015-03-15 09:47:00

Пасланнік Папы цытаваў Рыгора Барадуліна


Падчас велікапоснага начнога чування моладзі, якое ў гэтым годзе праводзілася ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены кардынал Пьетра Паралін цытаваў Рыгора Барадуліна. Менавіта на творчасці Народнага паэта Беларусі іерарх заснаваў сваю гамілію, прамоўленую падчас св. Імшы. Пасланнік Святога Айца зацытаваў радок з кнігі “Ксты”: “З Чырвоным касцёлам на “ты”. Вятры, што лятуць з Бэтлеему”, і нагадаў, што менавіта з Бэтлеему пачынаецца гісторыя збаўлення кожнага чалавека. Ён запрасіў маладых людзей не забывацца аб каранях іх веры, якую абаранялі іх продкі, церпячы пераслед і пакуты.

Парадаксальна, але менавіта ў пакутах часта праяўляецца Божая любоў, заўважыў ватыканскі іерарх і заклікаў маладых людзей ніколі не адмаўляцца ад яе, не пагарджаць ёй. Гэта можа адбывацца нават не наўпрост: калі мы думаем толькі пра сябе, выключна пра свой фінансавы або грамадскі статус, калі мы канцэнтрумся на сабе. У тыкім выпадку мы абіраем бачныя зямныя рэчы замест нябачнай Божай любові. Такі падыход кардынал Паралін назваў “новай спакусай нашага часу”. І тут, на самой справе, адбываецца выбар паміж Богам і ідаламі, Тым, хто стварыў нас і любіць нас, і малымі аб’ектамі, якія нас знявольваюць. “Ад вашага адказу будзе залежаць ваша вера і будучыня, ваша і вашай краіны”, - сказаў прадстаўнік Святога Айца падчас сустрэчы з беларускай моладдзю.








All the contents on this site are copyrighted ©.