2015-03-15 12:24:00

Дзяржсакратар пра крыжовы шлях і веру беларусаў


Кардынал Паралін закрануў шэраг блізкіх беларускаму сэрцу тэмаў у сваёй гаміліі падчас св. Імшы 15 сакавіка 2015 г. у мінскім архікатэдральным касцёле. У яе тэксце пурпурат запэўніў, што Папа вельмі жадаў бы быць паміж беларускіх вернікаў, а пакуль некаторыя абставіны не дазвяляюць гэтага зрабіць, скіраваў свайго пасланніка.

“Ён добра ведае, што вас вельмі шмат у гэтай краіне і што ў вашай гісторыі былі па-сапраўднаму складаныя моманты. Яшчэ зусім нядаўна святары дэпартаваліся, касцёлы разбураліся, супольнасці разганяліся, у той час як добра арганізаваная і настойлівая прапаганда намагалася выкрэсліць з сэрцаў вернікаў вобраз Божы. Не ведалі, што гэты вобраз нельга выкрэсліць, таму што ён быў глыбока ўпісаны рукой самаго Бога”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

Гаворачы пра гвалтоўнае насаджэнне атэізму ў Беларусі і цытуючы, у сувязі з гэтым, паэзію Уладзіміра Някляева, пурпурат назваў войны, разбурэнні, забойствы і дэпартацыі “крыжовым шляхам беларускага народа”. “Папа пахіляецца перад гэтай гісторыяй болю”, - адзначыў ён.

Адмаўленне ад Бога незваротна прыводзіць да насілля. Гэта драма свабоды чалавека, падкрэсліў кардынал. “Вашы бацькі, вашы маці верылі ў любоў Божую. Не супрацьстаялі нянавісці толькі, каб захаваць свае традыцыі. Яны ведалі, што блюзнерства супраць Бога азначае знішчэнне чалавечнасці і пачуццяў, што нараджаюцца ў чалавечай душы. Не хацелі быць адлучанымі ад Бога”, - адзначалася ў гаміліі.

На працягу свайго візіту ў Беларусь кардынал Паралін пачуў апавяданні, якія ўмацавалі яго ўласную веру. Ён даведаўся гісторыі бабуль, якія вучылі дзяцей маліцца, якія хавалі Найсвяцейшы Сакрамэнт у шафах, каб Яго прысутнасць працягвала быць суцяшэннем і абаронай; пратэставалі супраць злоўжыванняў і насілля. “Яны маглі быць беднымі сялянамі, людзьмі простымі і пакорнымі, але зразумелі, што годнасць чалавека заключаецца ў адвазе быць свабоднымі, бараніць сваю веру, таму што яе пазбаўленне азначала для іх нашмат больш чым фізічную смерць”, - лічыць кардынал Паралін.

Пасланнік Святога Айца заклікаў беларускіх вернікаў працягваць змагацца за сваю веру – змагацца супраць маленькіх ідалаў, якія хочуць заняць месца Бога: ілюзіі лёгкага абагачэння, згубы адчування дабра і зла, абыякавасці, супраць жадання ісці ў касцёл толькі згодна з традыцыяй, адчування сябе католікамі прыраўноўваючы гэта да этнічнай ідэнтычнасці, жыцця без сэнсу, без мэты і без напрамку, праслаўлення Бога вуснамі, а не сэрцам.

“Дарагія браты і сёстры, Папа паслаў мяне сказаць, што вы, праз пакуты перанесеныя за веру, з’яўляецеся самымі прыгожымі кветкамі ў садзе Касцёла, і мы патрабуем вас. Не можам вас згубіць і пакінуць саміх”, - падкрэсліў іерарх.

Звяртаючыся да прысутных на св. Імшы дзяцей, кардынал Паралін запэўніў, што папа Францішак дзеліцца з кожным з іх сваёй пяшчотнасцю. Ён звярнуўся да бацькоў, якім нагадаў, пра важнасць бацькоўскага прыкладу. “Памятайце, што ваша любоў напаўняе іх спакоем, а ваш кепскі прыклад засмучае іх і разбурае іх жыцці”, - адзначыў пасланнік Святога Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.