2015-03-14 13:02:00

Святы Айцец пра ролю свецкіх у Касцёле


14 сакавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў міжнароднага руху свецкіх вернікаў “Seguimi” (Ідзі за Мною), з нагоды 50-годдзя яго заснавання. Святы Айцец нагадаў, што свецкія пакліканы абвяшчаць Евангелле з адвагай і аптымізмам уласцівымі сталым хрысціянам. Праз сведчанне і слова яны павінны напаўняць хрысціянскімі каштоўнасцямі асяроддзі ў якіх знаходзяцца.

У той жа час Пантыфік нагадаў, што хрысціянін павіннен у першую чаргу несці іншым Хрыста. “Часта, таксама і ў Касцёле, мы думаем, што з’яўляемся добрымі хрысціянамі таму што займаемся добраарганізаванай сацыяльнай дзейнасцю і дабрачыннасцю. Гэта, канешне, добрыя справы. Але мы не павінны забываць, што жыццядайнай лімфай, якая нясе жыццё і перамяняе сэрца з’яўляецца Святы Дух, Дух Хрыста. Дазвольце, каб Ён, Пан, заняў цэнтральнае месца ў вашых сэрцах і вашай дзейнасці”, - пажадаў Папа.

Францішак назваў рух “Seguimi” “арыгінальным спосабам інкарнацыі Евангелля” і “эфектыўным шляхам, каб крочыць у свеце”. Ён заклікаў яго членаў захоўваць братэрскую еднасць паміж сабой і з крэатыўнасцю, аптымізмам, радасцю і адвагай ісці супраць плыні нясучы Евангелле.

“Я заахвочваю вас, быць свецкімі вернікамі, якія ідуць у першых шэрагах, адчуваць сябе актыўнай часткай місіі Касцёла, жыць вашай свецкасцю прысвячаючы сябе справам уласцівым зямному жыццю: сям’і, прафесійнай дзейнасці, сацыяльнаму жыццю ў яго розных выразах”, - адзначыў ён.

Рух “Seguimi” узнік падчас ІІ Ватыканскага Сабору. Першапачаткова ён дзейнічаў у двух італьянскіх гарадах: Мадэне і Рыме. У 1984 г. рух атрымаў кананічнае прызнанне з боку Апостальскай Сталіцы, а сёння налічвае каля 800 членаў, аб’яднаных у супольнасці, прысутныя у 11 краінах на розных кантынентах. На аўдыенцыю з Папам прыбыло каля 400 членаў руху.








All the contents on this site are copyrighted ©.