2015-03-13 10:08:00

Уладзімір Макей: у Беларусі цэняць пазіцыю Ватыкана


Аб’ектыўную, ўзважаную, канструктыўную пазіцыю Апостальскай Сталіцы адносна Беларусі цэняць у краіне. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на сустрэчы з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, пераведамляе агенцтва “Белта”. Паводле слоў кіраўніка беларускай дыпламатыі, візіт бліжэйшага супрацоўніка папы Францішка сведчыць аб далейшым развіцці супрацоўніцтва Святога Пасаду і Беларусі. Паміж Беларуссю і Ватыканам склаліся асаблівыя адносіны ўзаемаразумення і даверу. "Ватыкан для нас асаблівы партнёр у міжнародных адносінах, і падыходы Ватыкана ў вырашэнні праблем сучаснага грамадства блізкія і зразумелыя беларускаму народу", - сказаў ён.

Міністр адзначыў, што прыезд кардынала – знакавая падзея для Беларусі, і выказаў надзею, што ён будзе садзейнічаць актывізацыі узаемаадносін ва ўсіх сферах жыцця.

"Візіт у Беларусь дасць мне магчымасць лепш пазнаёміцца з краінай і яе народам", - адзначыў у сваю чаргу Дзяржаўны сакратар Дзяржавы Ватыкан кардынал Пьетра Паралін. Ён перадаў органам дзяржаўнай улады, народу, рэлігійным супольнасцям і ў першую чаргу беларускім католікам прывітальныя словы Святога Айца. Кардынал падкрэсліў, што падыход Святога Пасаду ў фарміраванні міжнародных адносін вызначаецца адкрытасцю. Ён выказаў упэўненасць, што ўзаемаадносіны Беларусі і Ватыкана будуць актыўна развівацца.








All the contents on this site are copyrighted ©.