2015-03-13 13:29:00

Пантыфікату папы Францішка – два гады


13 сакавіка ў Ватыкане свята. Менавіта ў гэты дзень, два гады таму, на Пасад св. Пятра быў абраны лацінаамерыканскі кардынал, езуіт, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхэ Марыё Берголіа, які ўпершыню ў гісторыі Касцёла абраў сабе імя Францішак. Два гады, што мінулі з таго часу, былі пазначаны шматлікімі значнымі падзеямі: паглыбленнем рэформаў ватыканскіх структур, скліканнем Сінода Біскупаў на тэму сям’і, апостальскімі падарожжамі на перыферыі свету, неспадзяванымі і цёплымі сустрэчамі.

Працягваюцца пачатыя папярэднікам Пантыфікам рэформы эканамічных і фінансавых структур Апостальскай Сталіцы, ініцыявана рэарганізацыя ватыканскіх дэкастэрый, якая павінна прывесці да спрашчэння іх структуры і іх больш эфектыўнай дзейнасці. Папа Францішак даў пачатак шырокай дыскусіі аб душпастырстве сем’яў, прыгажосці сямейных адносін – тэме асабліва важнай у эпоху наступу ваяўнічай гендэрнай ідэалогіі. Ён здзейсніў шэраг падарожжаў, два з якіх прыйшліся на азіяцкі кантынент. Францішак некалькі разоў пралятаў на самалёце над тэрыторыяй Беларусі, скіроўваючы цёплыя прывітанне беларускаму народу і ўладам.

Для многіх людзей па-за межамі Касцёла папа Францішак з’яўляецца “Папам міласэрнасці”. Асноўную ідэю яго пантыфікату можна сфармуляваць у некалькіх словах: Касцёл не павінен баяцца агарнуць тых, хто пакутуе і знаходзіцца на перыферыі, у тым ліку і тых, хто аддаліўся ад веры альбо ніколі да яе не набліжаўся.

Папа Францішак – наступнік двух вялікіх Пантыфікаў. Пасля св. Яна Паўла II – Папы, які дапамог разбурыць сцены і прапаведваў надзею Евангелля па ўсім свеце; пасля Бэнэдыкта XVI, пакорнага Папы-тэолага, апостала Праўды і веры, надышоў час Папы, дзейнасць якога ў першую чаргу нагадвае пра любоў і пяшчоту Бога.








All the contents on this site are copyrighted ©.