2015-03-12 14:34:00

Папа прыняў біскупаў з Паўднёвай Карэі


12 сакавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі групу біскупаў з Паўднёвай Карэі, якія прыбылі ў Рым з візітам “ad limina Apostolorum”. Пасля прыватнай размовы з іерархамі Пантыфік уручыў ім сваё пасланне, у якім звярнуў увагу на важнасць захавання памяці пра мінулае, клопату аб моладзі і развіцця апостальскай місіі мясцовага Касцёла. “Абвяшчаць Хрыста – значыць паказваць, што верыць ў Яго не толькі праўдзіва і правільна, але і прыгожа”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік таксама выказаў сваю ўдзячнасць Касцёлу ў  Манголіі – нешматлікай супольнасці, раскіданай па вялікай тэрыторыі і падобнай да “гарчычнага зерня”, якое з'яўляецца закладам Валадарства Нябеснага.

Францішак узгадаў пра сваё падарожжа ў Паўднёвую Карэю, якое здзейсніў 13-18 жніўня 2014 г. Адным з яго самых адметных момантаў, паводле Папы, была беатыфікацыя Паўла Юн Джы-Чунга і паплечнікаў, якія аддалі жыццё за веру. Першыя карэйскія хрысціяне не толькі будавалі свае асабістыя адносіны з Езусам, але і дзяліліся імі з усімі, незалежна ад класавага і сацыяльнага становішча. Іх прыклад – гэта школа, а іх урокі актуальныя ў наш час, калі чалавек знаходзіцца ў ізаляцыі, нягледзячы на дасягненні ў галіне камунікацыі і тэхналогіі, заўважыў Пантыфік.

Папа заклікаў карэйскіх іерархаў шукаць новыя спосабы для прыцягнення ў Касцёл моладзі, поўнай надзеяў і магчымасцяў. Трэба бачыць у моладзі партнёра па “будаванні больш святога, місіянерскага і сціплага Касцёла”. Трэба быць блізкімі да моладзі, рабіць так, каб яе голас быў пачуты, клапаціцца пра яе і разумець цяжкасці, якія яна сустракае ў штодзённым жыцці, пажадаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў карэйскіх біскупаў быць сапраўднымі айцамі і слугамі, на падабенства Хрыста, якія прыйшоў, каб служыць, а не каб Яму служылі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.