2015-03-10 16:55:00

Як нарадзілася “чорная легенда” пра Пія XII?


25 студзеня 2007 г. нью-ёркскае выданне “National Review” апублікавала артыкул генерала Іона Міхая Пачэпы, сакрэтнага агента самага высокага рангу з тых, якія здолелі ўцячы з савецкага лагера. Сёння ён з’яўляецца грамадзянінам Злучаных Штатаў, але да канца 1978 г. быў генералам румынскага камітэта дзяржбяспекі “Securitate”. Пачэпа з’яўляўся асабістым дарадчыкам Чаўшэску, кіраўніком службы знешняй сакрэтнай інфармацыі і адным з кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў Румыніі. Ён атрымаў палітычны прытулак у ЗША і шмат супрацоўнічаў з ЦРУ.

Іона Пачэпа расказаў свету, што ў 1960-я гады ўдзельнічаў у кампаніі супраць папы Пія ХІІ, ініцыяванай савецкім КГБ па асабістым загадзе Мікіты Хрушчова. Мэта гэтай кампаніі заключалася ў тым, каб панізіць маральны аўтарытэт Ватыкана ў Еўропе і прадставіць яго як бастыён нацызму на кантыненце. Пачэпа расказваў: “Паколькі Пій ХІІ быў нунцыем у Мюнхене і ў Берліне ў перыяд прыходу да ўлады нацыстаў, КГБ хацела паказаць яго антысемітам, які дазволіў Халакост Гітлера. Цяжкасць заключалася ў тым, што аперацыя не павінна была пакінуць нават мінімальнага савецкага следу. Усю брудную працу неабходна было выканаць рукамі Захаду, выкарыстоўваючы доказы, якія паходзілі з самаго Ватыкана”.

Румыны былі ўключаны ў аперацыю, бо КГБ не мела ніякага доступа да Ватыканскага архіву. Служба знешняй сакрэтнай інфармацыі Румыніі, якой кіраваў Пачэпа, незадоўга да гэтага правяла абмен каталіцкага біскупа Аўгустына Пача, які знаходзіўся ў румынскай турме па абвінавачванні ў шпіянажы, на двух сваіх агентаў, арыштаваных у Заходняй Германіі. Падчас гэтай аперацыі румынскія спецслужбы ўстанавілі некаторыя кантакты з Апостальскай Сталіцай. Яны павінны былі быць выкарыстаны для правядзення кампаніі па дэзінфармацыі, якая атрымала назву “Seal 12”.

Пачэпа павінен быў патлумачыць Святому Пасаду, што Румынія гатова аднавіць дыпламатычныя адносіны ў абмен на беспрацэнтную пазыку ў міліярд долараў – вельмі вялікую суму, якая павінна была падцвердзіць сур’ёзнасць намераў. Для таго, каб гістарычна абгрунтаваць неабходнасць аднаўлення адносін, Ватыкану было прапанавана дапусціць у свае архівы “румынскіх святароў”, якія на самой справе былі агентамі спецслужбаў. Першая сустрэча паміж Пачэпай і супрацоўнікам Дзяржсакратарыяту кс. Агосціна Казаролі, які ў будучыні атрымаў кардынальскую годнасць і пасаду Дзяржсакратара Яго Святасці Паўла VI, адбылася ў адным з гатэляў у Жэневе. Казаролі быў адкрытым на тое, каб Ватыкан пазычыў Румыніі грошы, аднак прадставіў таксама некаторыя ўмовы, над якімі там разважалі на працягу далейшых амаль 20 гадоў. Але доступ да Ватыканскіх архіваў быў дазволены адразу. Так тры агенты румынскіх спецслужбаў, у перыяд паміж 1960-1962 гг. змаглі апрацаваць сотні дакументаў, якія датычылі Пія ХІІ. Яны патаемна іх фатаграфавалі і перапраўлялі ў Маскву. Аднак, паводле Пачэпы, матэрыялаў для кампрамату знойдзена не было.

Нягледзячы на гэта, на пачатку 1963 г. генерал Іван Агаянц, легендарны кіраўнік аддзела дэзінфармацыі КГБ, падзякаваў румынам за аказаную дапамогу і аб’явіў, што аперацыя “Seat 12” завяршылася паспяхова. Але як? Ці сапраўды знайшліся дакументы, якія сведчылі аб сімпатыях Пантыфіка да нацыстаў? Не. Былі знойдзены матэрыялы, якіх было дастаткова толькі для напісання правакацыйнай тэатральнай п’есы пад назвай “Вікарый”. Яе аўтарам стаў малавядомы малады нямецкі пісьменнік Рульф Хоххут. Ён сам у 1959 г. працаваў у Рыме, дзе збіраў інфармацыю для сваёй кнігі. Хоххут пісаў, што нібыта ў Ватыкане ён атрымліваў інфармацыю ад біскупа, імя якога назваць не можа, але сам Пачэпа ў гэтым вельмі сумняваўся. Румынскі генарал расказаў, што шмат разоў сустракаўся з каталіцкімі іерархамі, але ніколі яму не даводзілася пачуць ад біскупаў падобнай інфармацыі нават у форме жарту.

У 1963 г. Рульф Хоххут апублікаваў сваю кнігу, у якой прадставіў Пія ХІІ як чалавека халоднага і прагнага да ўлады, якога захаванне ватыканскіх скрарбаў хвалявала больш, чым ахвяры злачынстваў Гітлера. Матэрыялы, сабраныя агентамі спецслужбаў, былі ім выкарыстаны для раздзелу аб гістарычным кантэксце і некаторых падрабязнасцях ватыканскага жыцця ў часы вайны, але не больш за тое. Спецыяльна для пастаноўкі спектаклю паводле гэтай п’есы ў Маскву з Усходняга Берліна быў выкліканы нямецкі камуніст і тэатральны рэжысёр Эрвін Піскатор.

У 1970-я гады кіраўнік КГБ Андропаў падзяліўся з Пачэпам, што поспех п’есы і тэатральнай пастаноўкі можна патлумачыць тым, што людзі аддаюць перавагу веры ў бруд, чым у святасць. Нямецкі гісторык, навуковы кансультант шматлікіх ватыканскіх дыкастэрыі, Міхаэль Хэзэман, адзначае, што і да сённяшняга дня Іона Пачэпа чакае ад новых расійскіх уладаў адкрыцця архіваў КГБ для таго, каб паказаць колькі няпраўды было сфабрыкавана супраць аднаго з самых вялікіх Папаў ХХ ст.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.