2015-03-10 16:50:00

Як быў падзелены Паўсюдны Касцёл?


Адным з самых балючых пытанняў у гісторыі Касцёла з’яўляецца раскол на усходніх і заходніх хрысціян. Яго плёны, звязаныя з узаемнымі абвінавачваннямі, адсутнасцю дыялога і любові, якая павінна існаваць паміж вызнаўцамі Хрыста, на працягу амаль тысячы гадоў перашкаджалі плённа сведчыць аб евангельскім пасланні. Але сёння, калі назіраецца ўмацаванне экуменічнага дыялогу, варта ўзгадаць і пераасэнсаваць тое, што паклала пачатак расколу. Гэта дапаможа нам убачыць, што сапраўдныя прычыны падзелу заключаліся менавіта ў недахопе павагі і любові адзін да аднаго, асабістых амбіцыях і няздольнасці весці дыялог. Аб тым, якім чынам адбыўся падзел у Паўсюдным Касцёле мы пагаворым у сённяшняй праграме.

Пасля расколу імперыі Карла Вялікага на тры часткі, папа Мікалай І прыклаў усе намаганні для таго, каб захаваць адзіным Касцёл і ўмацаць уласную ўладу. Ён, грунтуючыся на некаторых дакументах (няхай часткова, а часам нават і цалкам фальсіфікаваных) пакінуў за сабой права вырашаць усе самыя важныя пытанні на тэрыторыі былой імперыі. Паводле Пантыфіка ўсе дзяржаўныя законы, якія супярэчылі кананічнаму праву абвяшчаліся пазбаўленымі сілы, а тым, хто не паважаў рашэнні Святога Айца, пагражала самае высокае пакаранне – адлучэнне ад Касцёла і пазбаўленне магчымасці збаўлення.

Зусім іншая сітуацыя панавала ва Усходняй частцы Імперыі. Імператар Леў ІІІ абвясціў барацьбу супраць шанавання выяваў Езуса, Марыі і святых. Насуперак пратэстам Патрырха, імператар самавольна абвясціў барацьбу з абразамі. Супрацьстаянне паміж патрыярхамі і імператарамі ў выніку прывяла да таго, што апошнія пачалі самі прызначаць кіраўнікоў Царквы. Адным з такіх прызначаных іерархаў стаў патрыярх Фоцій – былы палітык, вайсковец, выкладчык і навуковец. Ён, з дапамогай свецкага манарха, за пяць дзён прайшоў усе неабходныя ступені царкоўнай кар’еры ад паслушніка да дыякана, ад святара да епіскапа і нарэшце да Патрыярха, каб замяніць на гэтай высокай пасадзе няўгоднага імператару патрыярха Ігнація.

Калі Папа даведаўся аб такім адкрытым умяшальніцтве свецкага імператара ў справы Царквы, ён напоўніўся гневам. Мікалай І назваў зрынутага Патрыярха Ігнація сваім сябрам і сапраўдным хрысціянінам, адзіным сапраўдным кіраўніком Царквы на Усходзе і адлучыў ад Касцёла Фоція. Апошні, у сваю чаргу, абапіраючыся на імператара, склікаў Сабор у Канстантынопалі і адлучыў ад Царквы Папу. Так адбыўся першы падзел – першая схізма ў Касцёле. Хоць гэта схізма тычылася толькі двух асобаў, пакінула глыбокую рану на адзінстве ўсіх хрысціян.

Адрозненні паміж хрысціянамі на Усходзе і на Захадзе існавалі ўжо ў тыя часы: у літургіі выкарыстоўваліся розныя мовы (грэцкая і лацінская), адрозніваліся культура і абрады. Але сапраўдны падзел наступіў з-за аднаго лацінскага слова – “Filioque”. Дыскусія развярнулася вакол Сімвалу веры. Версія, якая была прынята на Саборы ў Канстантынопалі ў 387 г. гучала так: “Веру ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, які з Айца паходзіць, і якому разам з Айцом і Сынам належыць пакланенне і хвала...”. Але яшчэ з VI ст. на Захадзе быў распаўсюджаны варыянт у якім казалася, што Святы Дух паходзіць і ад Айца, і ад Сына (па лацінску “Filioque”). Тэолагі тлумачылі гэта так: калі Айцец і Сын – “адзінасутныя”, то Дух Святы павінен паходзіць ад абодвух. Яны прыводзілі ў прыклад св. Аўгустына, які казаў, што Дух Святы – гэта любоў паміж Айцом і Сынам, які стаў чалавека, і такім чынам паходзіць “ад Айца і Сына”. Калі Папа Мікалай І выступіў прыхільнікам такой версіі Сімвалу веры, адлучаны ад Касцёла Фоцій выкарыстаў гэта, каб абвінаваціць Пантыфіка ў ерасі і ў выніку паўторна адлучыць яго ад Царквы.

Праз некаторы час Фоцій быў пазбаўлены пасады Патрыярха, а папа Мікалай І памёр. Паміж наступнымі кіраўнікамі Касцёла і Царквы існавалі спробы прымірэння, аднак менавіта пытанне аб “Filioque” перашкаджала гэта зрабіць. Усходнія тэолагі адмаўляліся прымаць рашэнне Папы аб наданні “афіцыйнага статуса” гэтаму слову і спасылаліся на рашэнні Фоція аб яго ерэтычнасці.

У 1043 г. узнік новы спор – на гэты раз наконт прыгатавання эўхарыстычнага хлеба. На Захадзе выкарыстоўваўся няквашаны хлеб, які спажывалі перад Пасхай яўрэі, а на Усходзе – звычайны квашаны хлеб. Канстантынопальскі Патрыярх абвінаваціў Касцёл у тым, што ён з’яўляецца “яўрэйскім” і такім чынам паглыбіў супрацьстаянне. Акрамя таго, Патрыярх адмовіўся называць Рымскага Пантыфіка Папам, як гэтага патрабавала традыцыя, але называў яго толькі “братам”.

У адказ папа Леў ІХ накіраваў у Канстантынопаль сваіх пасланнікаў, якія павінны былі перадаць Патрыярху і імператару ліст з заклікам аб павазе да кіраўніка Рымскага Касцёла. Гэту дэлегацыю ўзначальваў вельмі ганарлівы і часам нестрыманы ў эмоцыях кардынал Умбэрта Сільвакандзіда. Калі пачаўся  спор паміж мясцовымі епіскапамі і членамі папскай дэлегацыі, кардынал не стрымаўся, абразіў і адлучыў ад Касцёла сваіх апанентаў на чале з Патрыярхам. У буле, аб адлучэнні, якую ён зачытаў, уся візантыйская Царква называлася “крыніцай ерасі” – такім чынам экскамуніка тычылася не толькі асобных людзей, але ўсіх вернікаў.

Цікава, што ў той час калі дэлегацыя прыбыла ў Канстантынопаль, папа Леў IX памёр, а Папскі пасад заставаўся вакантным на працягу цэлага года. Такім чынам члены дэлегацыі дзейнічалі без дазволу Пантыфіка. Аднак, нягледзячы на гэта, на доўгі час засталася глыбокая рана і супрацьстаянне паміж хрысціянамі на Усходзе і на Захадзе.

Можна зрабіць выснову, што прычынамі падзелаў у Паўсюдным Касцёле з’яўляліся перш за ўсё чалавечыя слабасці і нездольнасць да дыялогу і павагі да іншых пунктаў гледжання. Пераасэнсаванне падзелу пачалося пасля заканчэння ІІ Ватыканскага Сабору ў 1965 г. Тады папа Павел VI і патрыярх Афенагор адмянілі ўзаемныя экскамунікі і далі пачатак актыўнаму набліжэнню паміж Касцёлам і Царквой, якое працягваецца сёння. 

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.