2015-03-10 10:53:00

Святы Айцец пра сённяшнюю тэалогію


“Выкладанне і вывучэнне тэалогіі азначае жыццё на свайго роду мяжы, дзе Евангелле адказвае патрэбам людзей, якім яе трэба абвяшчаць зразумелым і значным чынам. Мы павінны сцерагчыся тэалогіі, якая вычэрпвае сябе ў акадэмічным дыскурсе або глядзіць на чалавецтва з вышыні шклянога замка”, - гэтыя словы можна прачытаць у лісце папы Францішка да стагоддзя факультэта тэалогіі Аргентынскага каталіцкага ўніверсітэта. Пантыфік скіраваў яго на імя вялікага канцлера ВНУ і свайго пераемніка на пасадзе арцыбіскупа Буэнас-Айрэса, кардынала Марыа Аўрэліа Полі.

Святы Айцец адзначыў, што паслясаборная тэалогія павінна базавацца на Аб’яўленні і Традыцыі Касцёла, але і суправаджаць культурныя і сацыяльныя змены, таксама цяжкія. Таму не можна пазбягаць канфліктаў: і тых, якія датычаць Касцёла, і тых, якія ахопліваюць увесь свет. “Не задавольвайцеся тэалогіяй, якая практыкуецца за сталом, - напісаў Францішак. - Няхай месцам вашых роздумаў стануць межы. І не паддавайцеся спакусе зафарбаваць гэтыя межы, “запарфумаваць” або злёгку скарэктаваць і зрабіць больш зручнымі. Ад добрых тэолагаў, як і ад добрых пастыраў, чуецца пах людзей і вуліцы. Дзякуючы свайму роздуму яны павінны паліваць алеем і віном чалавечыя раны”.

У лісце Пантыфік нагадаў сваё бачанне Касцёла як “палявога шпіталя” і заахвоціў выкладчыкаў тэалогіі размясціць у цэнтры свайго роздуму міласэрнасць. Ён таксама папрасіў студэнтаў тэалогіі не быць “музейнымі даследчыкамі” ісцін, з якімі не ведаюць, што зрабіць, або “балконнымі назіральнікамі” (balconero), якія пасіўна сочаць за гісторыяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.