2015-03-09 14:25:00

Папа: стыль Бога – гэта пакора і сціпласць


Бог дзейнічае ў пакоры і маўчанні, яго стыль – гэта не спектакулярнасць, лічыць папа Францішак. Ён узначаліў 9 сакавіка 2015 г. раніцай у Ватыкане св. Імшу. Падчас гаміліі ён сканцэнтраваў увагу на фрагменце Евангелля, дзе Езус папракае жыхароў Назарэта ў недахопе веры: спачатку яны слухалі Хрыста з захапленнем, але потым выбухнулі “гневам, пагардай” і папрокам, што сын цесляра не мае права вучыць іншых. Пантыфік спаслаўся таксама на фрагмент Другой кнігі Валадарстваў аб вылячэнні Наамана, кіраўніка сірыйскага войска, ад праказы. Прарок Елісей сказаў яму абмыцца сем разоў у Ярдане, і менавіта простасць “рэцэпту вылячэння” абурыла сірыйца, ён спадзяваўся больш грандыёзнага жэсту. Але ў выніку ён паслухаўся прарока і зрабіў гэта, дзякуючы чаму быў аздароўлены. 

Жыхары Назарэта і Нааман “жадалі прадстаўлення”, але “стыль добрага Бога – гэта не шоў”, заўважыў Пантыфік і дадаў, што “Бог дзейнічае ў пакоры, у цішыні, у дробязях”. Так было з самага пачатку – ад Стварэння – калі Бог не выкарыстаў нейкую “чароўную палачку”, але стварыў чалавека з пылу зямлі. Гэта стыль, падкрэсліў Святы Айцец, прасякае “усю гісторыю збаўлення”. Ён нагадаў, што Бог вызваліў свой народ праз веру аднаго чалавека – Майсея. Калі хацеў пакарыць магутны горад Ерыхон, Ён зрабіў гэта праз прастытутку. Для навяртання самаранаў выкарыстаў іншую грэшніцу. Ён паслаў слабога Давіда змагацца з гігантам Галіяфам. “Простыя рэчы, пакора Бога – гэта Яго стыль, без шоў”, - сказаў Папа.

Спектакулярнасць – гэта стыль сатаны. Менавіта таму падчас спакушэння Хрыста ў пустыні д’ябал прапануе яму кінуцца з вяршыні храма, каб людзі, убачыўшы цуд, паверылі. “Пан, замест гэтага, аб’яўляе сябе ў простасці і сціпласці”, - нагадаў Пантыфік і заклікаў вернікаў Вялікі пост правесці менавіта з такой паставай.








All the contents on this site are copyrighted ©.