2015-03-09 12:38:00

Новы камерленга прынёс прысягу


9 сакавіка 2015 г. раніцай у ватыканскай капліцы Урбана VIII прынёс прысягу новы камерленга Святога Рымскага Касцёла, кардынал Жан-Луі Таран. Урачыстае набажэнства, прадугледжанае з гэтай нагоды, узначаліў папа Францішак. Новы камерленга, пасля прачытання тэксту прысягі, прамовіў некалькі слоў падзякі за давер, аказаны яму Пантыфікам.

Францішак прызначыў старшыню Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу на пасаду камерленга яшчэ 20 снежня 2014 г. Ён змяніў на ёй 80-гадовага кардынала Тарчызіо Бэртонэ, былога Дзяржсакратара Яго Святасці.

Функцыя камерленга існуе ў Рымскай курыі з 1017 г. Асноўныя абавязкі на яго кладуцца падчас вакантнасці Пасаду св. Пятра. У гэты час у Ватыкане ён застаецца адзіным кіраўніком дыкастэрыі, які не губляе сваёй пасады. Кіруе маёмасцю Святога Пасаду і арганізуе пахаванне Папы і канклаў.

У сённяшняй цырымоніі прынялі ўдзел арцыбіскуп Джампьера Глодэр, віцэ-камерленга, арцыбіскуп Георг Генсвайн, прэфект Папскай дома, кс. Гвіда Марыні, кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый, і некаторыя іншыя асобы.








All the contents on this site are copyrighted ©.