2015-03-08 13:02:00

Пантыфік пра сувязь літургіі і жыцця


Святы Айцец адзначыў 50-ю гадавіну першай папскай св. Імшы, якая цэлебравалася па-італьянску, а не на латыні. Пасля інаўгурацыі Паўлам VI новых літургічных нормаў II Ватыканскага Сабору, у тым жа рымскім касцёле Усіх Святых папа Францішак узначаліў урачыстую Эўхарыстыю. Яна адбылася 7 сакавіка 2015 г. вечарам.

У сваёй гаміліі Пантыфік нагадаў, што саборная Канстытуцыя “Sacrosantum Concilium” гаворыць пра літургію як пра першую і неабходную крыніцу, з якой вернікі атрымліваюць сапраўдны хрысціянскі дух. Гэта пацвярджае сувязь паміж жыццём вучня Езуса і літургічным культам. Папа нагадаў, што Касцёл заклікае да развіцця аўтэнтычнага літургічнага жыцця, так, каб нарадзілася гармонія паміж тым, што цэлебруе літургія, і тым, што мы перажываем у нашым паўсядзённым жыцці.

“Вучань Езуса не ходзіць у касцёл толькі для таго, каб выканаць запаведзь, каб адчуваць сябе ў парадку перад Богам, Які потым не павінен занадта “турбаваць”, - звярнуў увагу Францішак. Вучань Езуса, дадаў ён, ідзе ў храм, каб сустрэцца з Богам і знайсці ў Яго ласцы, якая дзейнічае ў сакрамэнтах, сілу думаць і дзейнічаць у адпаведнасці з Евангеллем. 

“Мы не можам падманваць сябе, што, уваходзячы ў дом Пана “прыкрыем” малітвай і пабожнымі практыкамі паводзіны, што супярэчаць патрабаванням справядлівасці, сумленнасці і любові да бліжняга. Мы не можам замяніць актамі “рэлігійнага культу” таго, што належыць да бліжняга, адкладваючы на потым сапраўднае навяртанне. Культ, літургічная цэлебрацыя з’яўляюцца асаблівым месцам слухання голаса Пана, які вядзе па шляху справядлівасці і хрысціянскай дасканаласці”, - сказаў Папа.

Цэлебруючы першую публічную св. Імшу на італьянскай мове 50 гадоў таму, папа Павел VI увёў новы спосаб малітвы і здзяйснення Эўхарыстыі ва ўсіх парафіях і касцёлах свету праз выкарыстанне нацыянальных моваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.