2015-03-06 16:44:00

Ян Павел І – ахвяра змовы?


Калі хочаш зарабіць шмат грошай, напішы што-небудзь кепскае аб Ватыкане. Убачыш, што не памылішся! Так дзяліўся сакрэтам поспеху на кніжным рынку дырэктар аднаго вялікага англійскага выдавецтва. Гэту праўду падцвярджаюць амаль усе бестсэллеры выдадзеныя ў апошнія часы – “Код да Вінчы” Дэна Браўна, “Папа Гітлера” Джона Корнвэла, “Ёанна – жанчына на папскім прастоле” Донны Фулфарк Крос і многія іншыя. Аб “вялікім кошце” легендаў і правакацый супраць Ватыкана сведчаць і сумныя падзеі, якія мы перажываем у сённяшнія дні. Адным з многіх паспяховых аўтараў апошніх дзесяцігодзяў стаў англійскі пісьменнік і сцэнарыст Дэвід Яллоп. Ён праславіўся тым, што, нібыта, праліў святло на тайну смерці папы Яна Паўла І. Яго кніга “У імя Бога. Смерць папы Лучані” выйшла ў 1984 г. Яна была перакладзена на шматлікія мовы і прададзена тыражом у 6 млн. асобнікаў ва ўсім свеце. Дарэчы, гэта дазволіла аўтару набыць сабе маленькі сярэдневечны замак на поўдні Англіі.

У аснове сюжэту кнігі ляжыць супрацьстаянне папы Яна Паўла І і кардыналаў, якое закончылася забойствам Пантыфіка праз 33 дні пасля абрання на Пасад св. Пятра. Яллоп паказвае Яна Паўла І як “прагрэсіўнага” Папу, які імкнуўся цалкам пераглядзець пазіцыю Касцёла адносна пытанняў кантрацэпцыі і сексуальнай этыкі. Гэта, паводле пісьменніка, прывяло да змовы супраць яго і абрання новага Папы – традыцыяналіста і кансерватара Яна Паўла ІІ. Канешне, аўтар гэтай легенды, не прыводзіць ніводнага аб’ектыўнага доказу праўдзівасці сваёй тэорыі, аднак гэта не перашкаджае яму сцвярджаць, што ён раскрыў вялікую таямніцу, што хавалася за ватыканскімі мурамі. Паспрабуем разабрацца – ці сапраўды яго ідэі адпавядаюць рэчаіснасці?

Трэба пагадзіцца, што галоўнага персанажа для свайго раману Яллоп абраў вельмі паспяхова. Ян Павел І быў чалавекам, які выклікаў сімпатыю людзей незалежна ад іх жыццёвых і рэлігійных поглядаў. Будучы Пантыфік нарадзіўся ў сялянскай сям’і і на працягу ўсяго свайго жыцця цягнуўся да простых людзей; ён не быў курыяльным іерархам, але прайшоў шлях, ад вясковага пробашча да Патрыярха Венецыі. Яго кніга “Славутыя”,  у якой ён віртуальна звяртаўся да розных гістарычных персанажаў, ад Езуса да Піноккіа, была сведчаннем яго простай, але глыбокай веры. Без сумніву – ён быў чалавекам, якога патрабаваў Касцёл у той час.

Паводле Яллопа, на чале змовы супраць Пантыфіка, быў кардынал Дзяржсакратар Жан Марыя Віё. Менавіта гэты іерарх, як сцвярджае англійскі пісьменнік, быў першым, хто увайшоў у пакой, дзе знаходзіўся памерлы Папа і забраў дакументы, якія Пантыфік трымаў у руках. Яллап паведамляе чытача, што гэта быў спіс новых прызначэнняў у Рымскай Курыі, складзены самім Янам Паўлам І. Зноў жа, паводле аўтара рамана ў гэтым спісе не было імя кардынала Віё.

Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Па-першае, паводле касцёльных працэдур, кардынал Віё быў абавязаны забраць дакументы, якія былі пры Пантыфіку. Яны захоўваюцца да сённяшняга дня і змест іх вядомы: гэта былі тэксты старых гамілій Папы. З іх дапамогай ён рыхтаваў новую прамову. Па другое, кардынал Віё сам прасіў аб адстаўцы з прычыны слабага здароўя (ён памёр праз 6 месяцаў пасля Пантыфіка). Ян Павел І папрасіў яго застацца, прынамсі на некаторы час, бо давяраў яго вопыту і кампетэнцыі. Такім чынам кардынал Віё не баяўся згубіць сваю пасаду.

Іншая гіпотыза Яллопа, аб тым, што Ян Павел І быў прыхільнікам легалізацыі кантрацэпцыі, таксама не адпавядае рэчаіснасці. Пасля публікацыі энцыклікі “Humanae vitae” (“Чалавечае жыццё”) Паўла VI, менавіта кардынал Лучані, будучы папа Ян Павел І, быў адным з яе самых актыўных абаронцаў. Захаваліся шматлікія пастырскія лісты, у якіх будучы Пантыфік тлумачыў глыбокае значэнне гэтага дакумента. У першы дзень пасля свайго абрання Папам, ён цытаваў фрагменты ІІ Ватыканскага Сабора, якія паўплывалі на напісанне дакумента аб каштоўнасці чалавечага жыцця. Акрамя таго, варта адзначыць, што Папа хацеў працягваць дактрынальную лінію пачатую яго папярэднікамі, Янам ХХІІІ і Паўлам VI. Менавіта таму ён абраў імя Яна Паўла І.

Яшчэ адна хлусня, якая ўтрымліваецца ў кнізе Дэвіда Яллопа, тычыцца, нібыта, моцнага здароўя Папы. Паводле пісьменніка, Ян Павел І быў поўны энергіі і сіл Пантыфік, рашуча гатовы стаць праменнем святла ў цёмных карыдорах Ватыкана. Аднак, гэта не так. Яшчэ ў 1973 г. кардынал Лучані прасіў Паўла VI не прызначаць яго Патрыярхам Венецыі з прычыны слабага здароўя. Падчас адной з аўдыенцый для хворых ён падзяліўся, што восем разоў быў гаспіталізаваны і перанёс чатыры аперацыі. Нягледзячы на тое, што Пантыфік часта ўсміхаўся, на самой справе ён вельмі пакутаваў ад хваробаў. Пра гэта сведчылі таксама яго блізкія, якія ведалі Папу лепш за іншых.

За дзень да смерці Ян Павел І пачаў адчуваць сябе не вельмі добра. 28 верасня 1978 г. надвор’е ў Рыме раптоўна пагоршылася і Папа некалькі разоў скардзіўся на высокі ціск і болі ў грудзі, аднак забараніў выклікаць урача. Вечарам ён меў некалькі сустрэч і тэлефонных размоў. Сярод іншых, ён патэлефанаваў свайму доктару ў Венецыю, апісаў сімптомы і той, паабяцаў прыехаць у Рым як мага хутчэй з вынікамі ўсіх аналізаў, якія Пантыфік рабіў раней. Пасля гэта Папа пажадаў добрай ночы сваім супрацоўнікам і закрыўся ў пакоі.

Раніцай, першай прывітаць Пантыфіка прыйшла законніца, якая прыгатавала сняданак. Аднак, калі пастукала ў дзверы, ніхто ёй не адказаў. Тады яна адкрыла дзверы і ўбачыла што Папа памёр. На стале гарэла лампа, а Пантыфік быў пахілены над тэкстамі сваіх гамілій. Законніца паклікала кардынала Віё і асабістага ўрача Папы. Прыкладна праз паўтары гадзіны было афіцыйна абвешчана, што папа Ян Павел І памёр ад інфаркта.

Канешне, такая хуткая смерць Папы выклікала масу спекуляцый у СМІ. Яны з’явіліся даволі хутка і працягваюцца да сённяшняга дня. Акрамя таго, што ў наш час пануючага рэлятывізма, яны дазваляюць паказаць чорным тое, што лічыцца святым, так кніга Дэвіда Яллопа з’яўляецца цудоўным прыкладам таго, наколькі “чорныя легенды” аб жыцці ў Ватыкане могуць быць “прыбытковымі”.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.