2015-03-06 14:54:00

Пантыфік: Неакатэхуменальны шлях – дар Божага Провіду


Дарам Божага Провіду, які прыносіць шмат дабра Касцёлу, назваў папа Францішак Неакатэхуменальны шлях – каталіцкі рух, які аб’ядноўвае тысячы вернікаў з розных куткоў свету. 6 сакавіка 2015 г. Святы Айцец прыняў яго членаў на аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. Сустрэча была прымеркавана да адпраўкі на місіі новай евангелізацыі каля 300 сем'яў. “Я пацвярджаю ваша пакліканне, падтрымліваю вашу місію і благаслаўляю ваш харызмат”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў членаў руху абуджаць веру ў тых людзях, якія ніколі не чулі пра Хрыста, але таксама і ў ахрышчаных, якія пад уплывам секулярызацыі або мірскога мышлення забыліся пра яе. Ён нагадаў, што сённяшні свет патрабуе сведчання аб любові Бога да чалавека. У гэтым кантэксце, на думку Папы, Неакатэхуменальны шлях можа прапанаваць шмат.

Святы Айцец нагадаў пра тры стаўпы Неакатэхуменальнага шляху: слова, літургію і супольнасць. Ён заклікаў працягваць у паслухмянасці слухаць Божае слова, збірацца на эўхарыстычную цэлебрацыю ў малых супольнасцях, маліцца ў сям’і і дзяліцца верай з братамі.

Сёння Неакатэхуменальны шлях прысутнічае ў 124 краінах на ўсіх кантынентах. У 100 дыяцэзіяльных місійных семінарыях “Redemptoris Mater” рыхтуецца да святарства 2300 семінарыстаў, а святарскае пасвячэнне атрымалі ўжо 1880 асоб. Больш за 1 тыс. сем’яў удзельнічаюць у так званай “сямейнай місіі” у 93 краінах. Існуе каля 100 місій “ad gentes”.








All the contents on this site are copyrighted ©.