2015-03-06 12:32:00

Айцец Канталамеса аб “Эверэсце веры”


Сваё другое велікапоснае казанне прапаведнік Папскага дома а. Раньера Канталамеса прысвяціў найвышэйшай кропцы хрысціянскай веры, яе “Эверэсту” – таямніцы Найсвяцейшай Тройцы. 6 сакавіка 2015 г., звяртаючыся да Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі, ён заўважыў, што на працягу доўгага часу ўсходняя і заходняя хрысціянскія тэалогіі надавалі першасную ўвагу таму, што іх адрознівае, у тым ліку і ў пытаннях разумення прыроды Найсвяцейшай Тройцы. На думку італьянскага капуцына, для хрысціянскай веры важна “трымаць адкрытымі абодва шляхі” да пазнання трынітарнай таямніцы. Прапаведнік лічыць важным уклад грэчаскіх і візантыйскіх тэолагаў у разуменне Тройцы ў кантэст унутранага жыцця, малітвы, сузірання, літургіі і містыкі, а лацінскіх – евангелізацыйнай місіі Касцёла.

На думку айца Канталамесы, патлумачыць прыроду трох Боскіх Асобаў складана, таму, перад абліччам няверуючага, секулярызаванага і патрабуючага рэ-евангелізацыі свету, неабходна карыстацца такой жа педагогікай, якой Бог карыстаўся, каб аб’явіць сябе ўсяму чалавецтву.

“Касцёл павінен знайсці спосаб абвяшчаць таямніцу Трыадзінага Бога катэгорыямі, уласцівымі і зразумелымі людзям гэтага часу”, сказаў капуцын і дадаў, што менавіта так рабілі Айцы Касцёла і старажытныя Саборы. Прадстаўленне трынітарнай таямніцы ва ўласцівых ёй складаных тэрмінах неабходна пакінуць для тэолагаў і паглыблення веры, лічыць ён.

У якасці прыкладу эфектыўнага тлумачэння трынітарнай таямніцы прапаведнік нагадаў пра св. Аўгустына, які казаў аб ёй у катэгорыях любові. “Любоў, сама па сабе, гэта адзінства і адносіны. Не існуе любові менш чым паміж двума ці большай колькасцю людзей. Кожная любоў – гэта рух адной істоты да іншай, якому спадарожнічае жаданне адзінства. Паміж чалавечымі істотамі гэта адзінства заўсёды застаецца няспоўненым і пераходным, нават у выпадках самай гарачай любові. Толькі паміж Боскімі Асобамі адзінства спаўняецца настолькі поўна, што з Трох, утвараецца адзіны Бог. Гэта мова, якую таксама і сучасны чалавек у стане зразумець”, - падкрэсліў капуцын.

Паводле прапаведніка Папскага дома, св. Аўгустын прапануе лепшы спосаб для злучэння праваслаўнага і каталіцкага спосабаў разумення Святой Тройцы. “Калі жадаеш пераплыць праліў, важна не стаяць на беразе, спрабуючы ўбачыць, што знаходзіцца на іншым, але сесці ў лодку, якая плыве да яго. Для нас самае важнае – не спекуліраваць на Тройцы, але заставацца ў веры Касцёла, якая з’яўляецца лодкай, што вядзе да Яе. Мы не можам ахапіць акіяну, але можам застацца ў ім. Колькі б намаганняў мы не прыкладалі – не зможам ахапіць таямніцы Тройцы нашым розумам; можам, аднак, зрабіць штосьці больш цудоўнае – увайсці ў яе!”, - сказаў айцец Канталамеса.

Прапаведнік нагадаў, што абавязак і патрэба адарацыі Найсвяцейшай Тройцы аб’ядноўвае ўсходнюю і заходнюю хрысціянкія традыцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.