2015-03-05 10:32:00

У Ватыкане складзе прысягу новы камерленга


9 сакавіка 2015 г., у прысутнасці папы Францішка, у Ватыкане пройдзе цырымонія складання прысягі новага камерленга Святога Рымскага Касцёла кардынала Жан-Луі Тарана, старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Яна адбудзецца ў капліцы Урбана VIII, якая ўваходзіць у комплекс Ватыканскіх музеяў. Пантыфік прызначыў кардынала Тарана на гэту пасаду яшчэ 20 снежня 2014 г. Новым віцэ-камерленга стаў арцыбіскуп Джампьера Глодэр, старшыня Папскай Касцёльнай Акадэміі.

Іерархі замянілі на гэтых пасадах кардынала Тарчызіо Бэртонэ і арцыбіскупа Пьера Луіджы Чэлата.

Камерленга Святога Рымскага Касцёла здзейсняе важныя функцыі падчас перыяду вакантнасці Пасаду св. Пятра. У яго абавязкі ўваходзіць пацвярджэнне смерці Папы і запячатанне папскіх апартаментаў да часу абрання новага Пантыфіка. Акрамя таго, ён нясе адказнасць за падрыхтоўку пахавання. У звычайны перыяд камерленга кіруе маёмасцю Касцёла, калі Папа знаходзіцца ў падарожжах. Віцэ-камерленга з’яўляецца яго бліжэйшым паплечнікам. 








All the contents on this site are copyrighted ©.