2015-03-04 14:40:00

Святы Айцец вышле на місіі 300 сем’яў


6 сакавіка 2015 г. папа Францішак вышле на місіі новай евангелізацыі на ўсе кантыненты каля 300 сем’яў з Неакатэхуменальнага шляху. На сустрэчу з Пантыфікам у Ватыкан прыбудзе некалькі тысяч членаў супольнасці з усяго свету. У ватыканскай Зале Паўла VI збяруцца таксама сем’і, якія ўжо знаходзяцца на місіях, вандроўныя катэхізатары і святары, рэктары і семінарысты з больш чым 100 місійных семінарыяў “Redemptoris Mater”.

Тры сотні новых місійных сем’яў адправяцца – па просьбе мясцовых біскупаў – у розныя куткі свету, у складаныя дэсакралізаваныя, агнастычныя, абыякавыя да рэлігіі і атэістычныя супольнасці. Яны створаць 27 новых місій “ad gentes” і далучацца да ўжо існуючых. Сем’і паедуць, між іншым, у В’етнам, Балгарыю і Украіну.

Неакатэхуменальны шлях узнік сярод самых бедных слаёў насельніцтва ў бараках “Palomeras Altas”, на ўскраіне Мадрыда, у 1964 г. Яго заснавальнікі Кіка Аргуэла і Кармэн Эрнандэс прыехалі ў Рым у 1968 г., з гэтага часу Неакатэхуменат распаўсюдзіўся па ўсім свеце як адна з самых важных рэчаіснасцяў Паўсюднага Касцёла пасля II Ватыканскага Сабора.

У цяперашні час Неакатэхуменальны шлях прысутнічае ў 124 краінах на ўсіх кантынентах, ў 1479 дыяцэзіях. У 6272 парафіях існуюць 20432 супольнасці. Толькі ў Еўропе ў больш за 2,5 парафій дзейнічаюць 8300 супольнасцяў. У 100 дыяцэзіяльных місійных семінарыях “Redemptoris Mater” рыхтуецца да святарства 2300 семінарыстаў, а святарскае пасвячэнне атрымалі ўжо 1880 асоб. Больш за 1 тыс. сем’яў удзельнічаюць у так званай “сямейнай місіі” у 93 краінах. Існуе каля 100 місій “ad gentes”.








All the contents on this site are copyrighted ©.