2015-03-04 12:03:00

Папа: ігнараванне пажылых – вірус смерці для грамадства


Сваю катэхезу, прамоўленую падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 4 сакавіка 2015 г., папа Францішак прысвяціў актуальнай сітуацыі пажылых людзей. Ён падкрэсліў, што хоча закрануць праблемныя пытанні, каб падчас аўдыенцыі на наступным тыдні, паразмаўляць аб больш станоўчых аспектах, а менавіта аб асаблівым пакліканні людзей, якія дасягнулі пажылога ўзросту. У першую чаргу, Святы Айцец адзначыў, што дзякуючы прагрэсу ў сферы аховы здароўя, жыццё людзей стала больш доўгім, аднак грамадства, на яго думку, не прыстасавалася да гэтай змены.

“Колькасць пажылых людзей павялічылася, але нашы грамадствы не дастаткова арганізаваліся, каб даць ім месца, з належнай павагай і канкрэтнай пашанай да іх уразлівасці і годнасці. Пакуль мы маладыя, мы схільныя да ігнаравання старасці, яна ўяўляецца нібыта хваробай, ад якой трэба трымацца здалёк. Калі потым становімся пажылымі, асабліва, калі з’яўляемся беднымі, хворымі і самотнымі, на сабе адчуваем недахопы грамадства, запраграмаванага на эфектыўнасць, якое, як наступства, ігнаруе пажылых. Пажылыя – гэта багацце. Іх не можна ігнараваць”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў “ясныя і прарочыя” словы Бэнэдыкта XVI пра тое, што якасць грамадства або цывілізацыі “вызначаецца таксама і тым, як у ім адносяцца да пажылых людзей і якое месца ім вылучаецца ў супольным жыцці”. “Сапраўды, увага да пажылых з’яўляецца адметнай рысай цывілізацыі. (...) Цывілізацыя, у якой няма месца для пажылых людзей, у якой яны выдаляюцца на ўзбочыну, бо ствараюць праблемы, носіць у сабе вірус смерці”, - лічыць Францішак.

Святы Айцец назваў сапраўдным выклікам праблему “старэння” грамадства і імкненне глядзець на пажылых людзей праз прызму “эфектыўнасці”. “Культура прыбытку намагаецца прадставіць пажылых людзей у якасці цяжару, “баласту”. Яны не толькі нічога не вырабляюць – думае – але і патрабуюць выдаткаў. Што адбываецца ў выніку такога меркавання? – Пажылыя выкідваюцца на ўзбочыну. (...) Пра гэта не гаворыцца адкрыта, але так робіцца! Ёсць нейкае маладушша ў гэтай прызвычаенасці да культуры “выкідання”. Мы прызвычаіліся “выкідваць” людзей. Жадаем пазбавіцца ад нашага страху перад слабасцю і ўразлівасцю, які ўзрастае, але робячы так, павялічваем у пажылых людзях трывогу, звязаную з магчымасцю сустрэць кепскія адносіны ці быць пакінутымі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец распавёў, што будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса асабіста сустрэўся з праблемай пакінутых пажылых людзей. Аднойчы, здзяйсняючы візіт ў дом састарэлых, ён сустрэў жанчыну, якую блізкія не наведвалі месяцамі. “Гэта называецца смяротным грахом!”, - падкрэсліў Папа. Узгадваючы іншую гісторыю, ён распавёў пра сям’ю, у якой бацька – глава сям’і – зрабіў для дзядулі асобны стол, за якім ён павінен быць есці ў адзіноце на кухні, у той час як уся сям’я і госці вячэралі ў гасціннай. Прычына гэта была ў тым, што дзядуля не мог есці акуратна і мужчына саромеўся гэтага. Праз некалькі дзён, вярнуўшыся дамоў, ён ўбачыў свайго маленькага сына, які граў з кавалкамі дрэва, малатком і цвікамі. “Што ты робіш?”, - спытаў бацька. “Я раблю табе стол, тата! Калі станеш старым, зможаш есці за ім там”, - адказаў хлопец.

Францішак нагадаў, што Касцёл, абапіраючыся на спадчыну Святога Пісання, заклікае клапаціцца пра пажылых людзей. “Касцёл не можа і не хоча адпавядаць ментальнасці нецярпімасці, і тым больш абыякавасці і пагарды, у адносінах да старасці. Мы павінны абудзіць калектыўнае пачуццё ўдзячнасці, пашаны, адкрытасці, якія дазволяць пажылому чалавеку, адчуваць сябе актыўнай часткай сваёй супольнасці”, - сказаў Папа.

На заканчэнне сваёй катэхезы Францішак нагадаў, што старасць з’яўляецца непасбежнай і калі зараз не навучыцца добра адносіцца да пажылых, з праблемай адкінутасці ў будучыні сустрэнуцца сённяшнія маладыя пакаленні. “Дзе няма павагі да пажылых, няма будучыні для моладзі”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.