2015-02-28 10:50:00

Святы Пасад рыхтуе фінансавую справаздачу


Апостальская Сталіца рыхтуе да публікацыі штогадовую справаздачу аб фінансавых выдатках усіх ватыканскіх структур за 2014 г. і запланаваным бюджэце на 2015 г., паведаміў кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Паводле кіраўніка Залы Друку, дакумент з’явіцца ў бліжэйшыя месяцы. 27 лютага 2015 г. ён пракаментаваў журналістам з’яўленне ў італьянскіх СМІ чарговых правакацыйных матэрыялаў аб нібыта існаванні у Ватыкане ўнутраных канфліктаў, адносна эканамічных пытанняў.

Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што цалкам нармальным з’яўляецца факт наяўнасці  дыскусіі і розных пунктаў гледжання на складаныя з эканамічнага і юрыдычнага пункту гледжання тэмы. У святле выказаных меркаванняў Папа вызначае накірункі, якіх прытрымліваюцца ўсе адказныя, адзначыў ён.

Артыкулы, апублікаваныя ў СМІ, непасрэдна накіраваны супраць канкрэтных людзей і павінны лічыцца “нягоднымі і нізкімі”, лічыць кс. Ламбардзі. Ён запэўніў у эфектыўнай дзейнасці Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, пацвярджэннем чаго стане справаздача аб фінансавых выдатках усіх вытыканскіх устаноў, у тым ліку і самаго Сакратарыяту.

Кіраўнік Залы Друку нагадаў, што практыка перадачы СМІ канфідэнцыйных ватыканскіх дакументаў з мэтай узбуджэння палемікі і супрацьстаяння – не новая. Яна падлягае рашучаму асуджэнню і з’яўляецца незаконнай, падкрэсліў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.