2015-02-26 10:14:00

Сустрэлася каталіцка-праваслаўная група па культуры


У Маскве на мінулым тыдні адбылося першае пасяджэнне Рабочай групы па культурным супрацоўніцтве паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Рыма-Каталіцкім Касцёлам, паведамілі 24 лютага 2015 г. расійскія рэлігійныя СМІ. Яна была сфарміравана на падставе дамоўленасцяў, заключаных паміж Аддзелам знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхата і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, якім было даручана каардынаваць у супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі двух Цэркваў пытанні ўзаемадзеяння ў гэтай сферы.

З боку Рускай Праваслаўнай Царквы ў пасяджэнні ўдзельнічалі восем асоб, сярод якіх, намеснік старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў архімандрыт Філарэт і адказны сакратар Адміністрацыі прыходаў Маскоўскага Патрыярхата ў Італіі архімандрыт Антоній.

Каталіцкі Касцёл прадстаўлялі: дэлегат Папскай рады па культуры біскуп Карлас Азэведа, супрацоўнік Папскай рады па справах сям’і кс. Андрэа Чыучы і супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству а. Іякінф Дэсцівель.

На сустрэчы, якая прайшла ў канструктыўным ключы, быў абмеркаваны шэраг праектаў, звязаных з развіццём супрацоўніцтва ў культурнай сферы, рэалізацыя якіх запланавана на 2015 і 2016 гады.








All the contents on this site are copyrighted ©.