2015-02-24 15:14:00

Святы Пасад на “Expo 2015” – падрабязнасці


Павільён Апостальскай Сталіцы на Сусветнай выставе “Expo 2015” размесціцца на плошчы ў 900 квадратных метраў. Тут можна будзе пазнаёміцца з дзейнасцю Каталіцкага Касцёла ў сферы барацьбы з голадам і прыняць удзел у шэрагу мерапрыемстваў, якія адпавядаюць тэматыцы форума: “Накарміць планету. Энергія для жыцця”. Дэвізам прысутнасці Святога Пасада на мерапрыемстве будуць два біблійных выразы: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек” і “Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння”, распавёў кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры.

“Гэта два аспекты сімвалізму хлеба: з аднаго боку, матэрыяльнае вымярэнне, фізічнае, канкрэтнае, з усімі сацыяльнымі праблемамі з ім звязанымі, а з іншага, больш сімвалічны аспект, які тычыцца цэласнасці чалавечай асобы, якая патрабуе ўнутранага насычэння”, - сказаў пурпурат.

Кардынал Равазі распавёў, што ў цэнтры ватыканскага павільёну размесціцца доўгі інтэрактыўны стол з інфармацыяй аб важнасці салідарнасці паміж людзьмі. На экранах будуць трансліравацца відэаматэрыялы аб пакутах людзей і дабрачыннай дзейнасці Касцёла ў розных частках свету, звароты Папы на гэту тэму. Таксама тут будуць вывешаны два каштоўных мастацкіх творы: “Апошняя вячэра” у выканні Тынтарэта і Рубенса.

У рамках выставы у павільёне Апостальскай Сталіцы пройдзе некалькі мерапрыемстваў, арганізаваных ватыканскай педыятрычнай клінікай “Bambino Gesu” і Міланскай архідыяцэзіяй. Канферэнцыя Біскупаў Італіі 5 верасня 2015 г. тут правядзе святкаванне Дня абароны навакольнага асяроддзя. Кардынал Равазі выказаў надзею, што да гэтага часу ўжо будзе апублікавана энцыкліка папы Францішка на тэму экалогіі.

Сусветная выстава “Expo 2015” пройдзе ў італьянскім Мілане з 1 мая па 31 кастрычніка 2015 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.