2015-02-23 15:41:00

Ісусава малітва: вусная (слоўная) малітва


Звычайна на шляху практыкі ісусавай малітвы вылучаюць некалькі этапаў. Розныя аўтары называюць розную колькасць прыступак або ўзроўняў, аднак гэта не павінна быць прычынай для нашай разгубленасці. Сёння я хацеў бы згадаць пра прынцыповыя, ключавыя этапы, якія мы можам сустрэць у кожным (ці амаль кожным) апісанні ісусавай малітвы.

Першы этап. Малітва вусная (слоўная).

Другі этап. Малітва ўмная.

Трэці этап. Малітва сардэчная.

Зараз больш падрабязна мы разгледзім вусную малітву.

Малітва вусная і чоткі

На першым этапе, мы выпрацоўваем навык слоўнай або вуснай малітвы. Для гэтага нам трэба назапасіцца чоткамі - інструментам падліку малітваў, які дапамагае нам заставацца ў рэчаіснасці. Калі я кажу «заставацца ў рэчаіснасці», то я маю на ўвазе самыя простыя рэчы - гэта кантроль часу і ўвагі.

Справа ў тым, што для кагосці час ляціць хутка, для кагосці іншага — павольна. Чоткі дапамагаюць аб'ектывізаваць час падобна пясочнаму гадзініку. Да прыкладу, у вас чоткі на сто вузлоў і вы дакладна ведаеце, што памаліцца сто разоў ісусавай малітвай ў вас займае прыблізна паўгадзіны.

Я таксама ўзгадваў пра увагу. Увага - гэта ключавое слова ў навуцы ісусавай малітвы і аб ёй, калі Бог дасць, я распавяду асобна. На дадзеным жа этапе чоткі дазваляюць нам ўтрымліваць увагу на працэсе малітвы і не думаць пра тое, ці хутка скончыцца час прызначаны на малітоўнае правіла.

Калі гаворка ідзе аб чотках, то хоць гэта дэталь другарадная, аднак мы людзі, а людзям уласціва, акрамя ўсяго іншага, тактыльнае ўспрыманне свету. Нам падабацца дакранацца да рэчаў, вызначаць якія яны навобмацак... Адным словам, не трэба з чотак рабіць культ, але па магчымасці няхай яны вам падабаюцца і будуць зручныя для рукі.

Звярніце ўвагу на памер вузельчыкаў (пацёркаў), на іх колькасці і матэрыял вырабу. Аптымальная (стандартная) колькасць вузельчыкаў у чотках — 100. На пачатковым этапе лепш карыстацца такімі чоткамі. Калі вы пражываеце ў традыцыйна каталіцкай краіне, то вы можаце лёгка дастаць і скарыстацца чоткамі для ружанцовай малітвы. У такіх чотках - 50 вузлоў (пацер), г.зн. што для ста малітваў трэба зрабіць два «кола». Чоткі з меншай колькасцю я не рэкамендую для малітоўнага правіла (цяжка кантраляваць час), хоць іх можна выкарыстоўваць для малітвы пры хадзе, калі час значэння не мае.

Малітва вусная: услых і шэптам

Вось самае першае практыкаванне ў ісусавай малітве. Станьце проста (прама) перад іконай, вазьміце чоткі ў левую руку. (Правая рука вам спатрэбіцца пустая, бо ёй вы будзеце рабіць знак крыжа, сумяшчаючы яго з грудным паклонам). Прамаўляеце малітву ўслых, выразна і неспяшаючыся. На канец малітвы перахрысціцеся ды пакланіцеся. Дыхайце роўна, старайцеся знайсці і захаваць свой рытм.

Першапачаткова вам трэба вырашыць: колькі малітваў вы будзеце прачытваць такім чынам, г.зн. вызначыцца з малітоўным правілам. Калі ў вас наогул не было досведу малітвы, то можна пачаць з 50, калі ж вы не пачатковец у духоўным жыцці, то можаце вызначыць для правіла 100 або 200 малітваў.

Дарэчы, малітоўнае правіла якое складаецца з 300 ісусавых малітваў, звычайнага пачатку і звычайнага заканчэння, называецца правілам святога Пахома Вялікага. На гэтым этапе я не рэкамендую маліцца больш за 300 малітваў за адзін раз. На замацаванне гэтага практыкавання (так жа, як і на замацаванне любой звычкі) вам спатрэбіцца каля месяца. Калі вы зробіце гэта, то пераходзьце да наступнага практыкавання. Другое практыкаванне паўтарае першае з адзіным адрозненнем: малітву вы прамаўляеце шэптам ці аднымі вуснамі.

Чатыры тыпы дыхання

Я ўжо згадаў на пачатку пра дыханне падчас ісусавай малітвы. Нам здаецца, што дыханне - гэта ўласцівасць, якой мы ўмеем карыстацца ад нараджэння - аднак жа не. Дыхаюць, вядома, усё, але не ўсё правільна дыхаюць.

Я не буду падрабязна спыняцца на дыханні толькі дам кароткую інфармацыю аб тыпах дыхання.

1. Верхняе (ключычнае) - пры ўдыху паднімаюцца рэбры, плечы, ключыцы, пры выдыху апускаюцца. Выкарыстоўваецца толькі частка лёгкіх (верхняя, вельмі невялікая). Так дыхаюць у асноўным цяжарныя жанчыны.

2. Сярэдняе (міжрэбернае дыханне) - пры ўдыху рэбры пашыраюцца, пры выдыху — апускаюцца. Паветрам запаўняецца сярэдняя частка лёгкіх. Так дыхае большасць людзей.

3. Ніжняе (дыяфрагмальнае дыханне). Дыяфрагма (моцная, мускульную перагародка, раздзяляючая грудзі і жывот). Знаходзячыся ў супакоі, яна высанута, як купал ўверх у грудную паражніну). Пры ўдыху дыяфрагма, напружваючыся, ўшчыльняецца, зрушвае брушныя ворганы ўніз і выпінае жывот вонкі, пры выдыху дыяфрагма вяртаецца ў зыходнае становішча. Паветрам запаўняюцца ніжняя і сярэдняя часткі лёгкіх.

4. Поўнае дыханне. Спалучае ў сабе ўсе добрыя характэрыстыкі верхняга, сярэдняга і ніжняга дыхання, і выключае іх недахопы. Прыводзячы ў рух увесь апарат нашых лёгкіх, поўнае дыханне прымушае працаваць кожны мускул дыхальнай сістэмы, усе альвеолы, кожную іх клетачку, што спрыяе лепшаму ветыляцыі лёгкіх.

Падчас ісусавай малітвы мы карыстаемся перад усім трэцім тыпам дыхання, кажучы простымі словамі «дыхаем жыватом».

Такім чынам, праходжанне першага этапу ў вас зойме прыблізна 2 месяцы. За гэты час вы павінны навучыцца адчуваць рытм малітвы і навучыцца паставам дыхання.








All the contents on this site are copyrighted ©.