2015-02-23 10:47:00

Украінскі іерарх: Папа не ведаў усёй праўды пра Украіну


Папа Францішак быў здзіўлены падрабязнасцямі вайны ва Украіне, якія пачуў ад мясцовых біскупаў. “Да гэтага часу ён не меў поўнай карціны сітуацыі”, - распавёў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Украіны, арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі пасля сустрэчы з Пантыфікам ў Ватыкане. 21 лютага 2015 г. украінскія іерархі абодвух епіскапатаў, рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага, завяршылі свой візіт “ad limina Apostolorum”, у рамках якога наведалі дыкастэрыі Рымскай курыі і мелі магчымасць данесці свае думкі аб сітуацыі ў краіне да Святога Пасаду і Папы.

Іерарх адзначыў, што Папа не ведаў пра катаванні, якім падвяргаюцца палонныя ўкраінскія салдаты. Паводле яго слоў, Пантыфік паабяцаў трымаць сувязь “з асобамі, адказнымі за мір у свеце, каб яны дапамаглі спыніць кровапраліццё ва Украіне”. Арцыбіскуп Макшыцкі аспрэчыў меркаванне аб “братазабойчым” характары канфлікту. “У большасці тут дзейнічаюць наёмнікі, вызваленыя з турмаў, грамадзяне Расіі, якія гвалтоўным чынам змагаюцца з Украінай, пазбаўляючы яе міру, справядлівасці і права на незалежнасць”, - сказаў арцыбіскуп.

У апошні дзень візіту “ad limina” арцыбіскуп Макшыцкі, разам з братамі па епіскапаце, сустрэўся з Бэнэдыктам XVI каля грота Маці Божай Лурдскай у Ватыканскіх садах. Папа не пенсіі выказаў сваю салідарнасць з украінскім народам і перадаў яму сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.