2015-02-23 13:30:00

Папа назваў сябе “прадстаўніком цярпення украінцаў”


Усё, што адбываецца зараз ва Украіне можна падсумаваць адным словам – вайна. Прычым, гэта не нейкі грамадзянскі канфлікт, а менавіта вайна, якую ніхто не аб’яўляў, і якой ніхто не чакаў, лічыць архіепіскап Святаслаў Шаўчук, кіраўнік Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы. Па афіцыйных дадзеных, вынікам падзей сталі каля 1 млн. бежанцаў з Данбасу. Неафіцыйныя лічбы большыя ў два разы. Ёсць звесткі аб тым, што ў рэгіёне, ахопленым вайной, ёсць выпадкі смерцяў ад голаду. Мільёны ўкраінцаў сталі валанцёрамі. У краіне і за яе межамі яны розным чынам дапамагаюць сваім братам і сёстрам. Шматлікія кляштары і парафіі ператварыліся ў цэнтры дапамогі і лячэння. Аб гэтым Архіепіскап Кіева-Галіцкі сказаў на прэс-канферэнцыі, якая прайшла 23 лютага 2015 г. у сядзібе Ватыканскага радыё.

Іерарх распавёў пра сустрэчу ўкраінскага епіскапату з Папам, якая адбылася ў рамках візіту “ad limina Apostolorum” 21 лютага 2015 г. Ён прызнаўся, што Францішак атрымаў запрашэнне наведаць Украіну. Пантыфік слухаў біскупаў з “айцоўскім сэрцам” і пацікавіўся, перш за ўсё, як жывуць людзі, у тым ліку і праваслаўнае насельніцтва, як яны ўспрымаюць тое, што адбываецца. Архіепіскап Шаўчук зацытаваў Святога Айца, які сказаў: “Я разам з вамі, я на службе вам!”. Пантыфік назваў сябе “прадстаўніком цярпення украінцаў”.

Грэка-каталіцкі іерарх падкрэсліў, што адзіная пазіцыя яго Царквы – быць разам з народам. “Мы – не палітыкі, мы – голас грамадства”, - сказаў ён і прызнаўся, што ўкраінскі епіскапат вяртаецца на Радзіму “напоўнены надзеяй”, хоць і з пачуццём няўпэўненасці ў заўтрашнім дні.








All the contents on this site are copyrighted ©.